Тураўскія кулікі пад пагрозай з-за мяккай і бясснежнай зімы



Тураўскі луг мае міжнародны статус «Тэрыторыі, важнай для птушак». Штогод падчас міграцыі на 140 гектарах заказніка спыняецца каля паўмільёна кулікоў, кнігавак, марадунак ды іншых птушак.

Рака Струмень

Падчас разліву Прыпяці і Струменя на лузе гняздуюцца кулікі, але, як кажа прадстаўніца Акадэміі навук Беларусі, кандыдат біялагічных навук Наталля Карліёнава, мяккія зімы апошніх гадоў пагражаюць паспяховаму гнездаванню знакамітых тураўскіх кулікоў:

– Пры нізкім узроўні вады, нават нягледзячы на комплекс біятэхнічных мерапрыемстваў, колькасць кулікоў усё адно нізкая. Заўжды прагноз залежыць ад узроўню вады ў рацэ Прыпяць. Калі вады няма, то птушкі прылятаюць, пачынаюць гняздзіцца, на першых там некалькіх тыднях іх проста з’ядаюць варанавыя і бадзяжныя сабакі, якія маюць доступ на гэты луг. Унікальнасць гэтага лугу ў тым, што ён абмежаваны з усіх бакоў воднай перашкодай. Тут Струмень і Прыпяць. Калі высокая вада, тут гняздзіцца поўны комплекс водна-балотных птушак.

Тураўскі луг зараз

Зараз па Тураўскім лузе можна спакойна хадзіць у звычайным абутку, пры тым, што вада на ім звычайна трымаецца да чэрвеня ўключна. У Тураве прайшло ўжо 8 міжнародных фестываляў кулікоў. Тураўскі луг – адно з улюбёных месцаў не толькі для навукоўцаў-арнітолагаў, але і бёрдвотчараў – аматараў-назіральнікаў – з усяго свету.

Расчыстка лугу ад зарастання ў межах праекта ПРААН-ГЭФ „Вэтландс”

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя