“Турма, мужчына і жанчына”
“Турма, мужчына і жанчына” – прэзентацыя кнігі журналісткі Алены Струвэ адбылася ў Глыбокім. У ёй апавядаецца пра тое, як сядзяць у сучасных беларускіх турмах, у тым ліку і ў глыбоцкай. Гэта дакументальныя споведзі людзей з крымінальным досведам, удзельнікаў перадачы “Свабода ў турмах”. Яна выходзіла ў эфір сем год запар, з 2011 па 2017.
Паводле Алены Струвэ, людзі не вельмі схільныя размаўляць пра турмы, але калі на сустрэчах пачынаеш задаваць пытанні, яны раскрываюцца.
– Калі б я не пыталася, а толькі пра кнігу расказвала, то наўрад ці былі б такія шчырыя адкрыцці, як я пачула. Мне спадабалася, што гэта ўпершыню ў кватэры, у вельмі цёплай і сямейнай абстаноўцы прайшло. І проста людзі гаварылі, выказвалі свае стаўленні, таму што мы мала думаем у паўсядзённым жыцці пра тое, як людзям, якім значна горш за нас.
Падчас імпрэзы выступіла і фінская журналістка Керстын Кронваль, якая распавяла пра турмы і зняволеных у Фінляндыі. У сваю чаргу прысутныя, сярод іх і пастар Евангельскай царквы “Агонь абуджэння” з Глыбокага Алег Парфяновіч, падзяліліся сваімі меркаваннямі наконт беларускай пенітэнцыярнай сістэмы.
Напрыканцы сутрэчы Алена Струвэ падпісала і падаравала кнігі ўсім жадаючым.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя