Туры ў бязвізавую Гародню найбольш папулярныя ў палякаў і літоўцаў
Жыхары Польшчы і Літвы найбольш часта карысталіся магчымасцю наведаць Гародню і наваколлі без візы. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама. Магчымасцю наведаць Гародню і наваколлі без візы ўжо скарысталіся больш за 2,8 тыс. іншаземцаў. Больш за 3 тыс. чалавек зарэгістраваліся для гэтага.
„Найбольш актыўнымі былі жыхары краін-суседак Літвы і Польшчы. Яны ў лідарах у своеасаблівым рэйтынгу бязвізавых турыстаў. На трэцім месцы грамадзяне Латвіі, якім вельмі спадабалася магчымасць наведаць Гародню без візы. Развіваць гэты напрамак будзем і далей, прэзентуем патэнцыял рэгіёну на спецыяльнай выставе ў Рызе ў бліжэйшы час. На чацвёртым месцы – грамадзяне Германіі „, – адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму. Там падкрэслілі, што магчымасцю без візы наведаць парк „Аўгустоўскі канал” скарысталіся грамадзяне больш чым 20 краін, і геаграфія турыстаў пастаянна расце. Найбольш папулярным кірункам застаюцца экскурсіі менавіта ў Гародню.
„Звязваюць гэта, перш за ўсё, з зімовым сезонам. Турыстычныя фірмы, якія працуюць з бязвізавымі турыстамі, адзначаюць цікавасць замежнікаў да адпачынку на тым жа Аўгустоўскім канале”, – распавялі ва ўпраўленні. Да сезону на канале ствараецца і адпаведная інфраструктура: ад гасцініцы і месцаў адпачынку да кропак пракату і размечаных пешаходных і веласіпедных маршрутаў. Пастаянна плануецца праводзіць і розныя культурныя, спартыўныя, забаўляльныя мерапрыемствы.
Для таго каб прасцей прадставіць рэгіён за мяжой, плануецца да выдання спецыяльная брашура „10 прычын наведаць Гародню”. У ёй патэнцыйнаму турысту раскажуць пра найбольш цікавыя гісторыка-культурныя аб’екты рэгіёну, магчымасцяі спартыўнага, экалагічнага, забаўляльнага турызму. Папярэдне выйдзе яна як мінімум на ангельскай, польскай, літоўскай і рускай мовах.
Фота fotki.yandex.ru