Турыстку з РФ пасадзілі на суткі за Дзень Волі
Грамадзянка Расеі Вольга Рошчына асуджаная на 13 сутак арышту пасля затрымання ў Менску 25 сакавіка. Такую пастанову вынес 27 сакавіка суд Маскоўскага раёна сталіцы.
Рошчына была затрыманая ў раёне Акадэміі навук. Дзяўчына сказала, што прыехала ў Беларусь як турыстка, не планавала ўдзельнічаць у акцыі апазіцыі, проста запытала ў супрацоўнікаў АМАП, як ёй прайсці ў цэнтр, пасля чаго была затрыманая.
28-гадовая Рошчына была дастаўленая ў Маскоўскае РУУС. Паводле яе слоў, ёй не далі патэлефанаваць родным і ў пасольства, не далі пітную ваду, каб выпіць лекі, адмаўляліся пусціць у прыбіральню. Гэтыя абставіны карэспандэнту БелаПАН пацвердзілі іншыя затрыманыя, якія таксама знаходзіліся ў Маскоўскім РУУС.
Рошчына растлумачыла ў судзе, што прыехала ў Менск 23 сакавіка. Мэта — турызм. „Я падарожнічаю, хаджу ў паходы. Прыехала проста паглядзець горад. Я ехала на тралейбусе № 37. Кіроўца адмовіўся спыніцца на Акадэміі навук. Абураныя людзі рукамі адкрылі дзверы, выйшлі на вуліцу. Я пайшла з усімі. Убачыла, што шмат супрацоўнікаў АМАП. Падышла да іх, каб запытаць, як мне можна прайсці. Мяне адразу ўзялі пад рукі і павялі ў аўтазак”.
У выніку дзяўчыне паставілі ў віну ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. „Я ўвогуле не лаюся матам, — абуралася Вольга ў судзе. — Адзінае, што я паспела сказаць: „За што мяне затрымліваюць?”
Затрыманне ажыццяўляў капітан міліцыі начальнік вайсковай часці 5523 Аляксей Руцкі, ён жа даў паказанні супраць дзяўчыны. „Хачу адзначыць, што ў матэрыялах справы ёсць дакументы, дзе стаіць не мой подпіс. Да пачатку суда я на свае вочы не бачыла пратаколы, не згодна з тым, у чым мяне вінавацяць. Але я ведаю, што далі загад затрымаць усіх, хто быў у цэнтры горада. І загад — даць усім па 15 сутак. І мне вельмі крыўдна, што мяне пакараюць ні за што”, — заявіла расіянка.
У матэрыялах справы зафіксавана, што ў Рошчынай была пры сабе расцяжка „Усіх не перасадзіш!”. Дзяўчына кажа, што пакет з расцяжкай ёй падкінулі. „Я спрабавала пры наглядзе растлумачыць, што гэта не мае рэчы, іх разам са мной выкінулі з аўтазака. Але жанчына-міліцыянер сказала, што няма сэнсу адмаўляцца, усё роўна мне іх „прышыюць”, — расказала грамадзянка РФ.
Суддзя Аляксандр Петраш прызначыў Рошчынай 13 сутак адміністрацыйнага арышту.