Турысты з Польшчы цікавяцца Беларуссю, але ёсць праблемы
Беларусь як турыстычны напрамак цікавы для палякаў, але зусім не танны. Акрамя таго, застаюцца праблемы з візамі і з чэргамі на мяжы. Пра гэта ды іншае ў інтэрв’ю нашаму радыё расказаў Мечыслаў Жукоўскі з турыстычнага бюро «BIAL-TUR» у Беластоку:
— Супраца на карысць абодвум бакам. Вядома, што ўсе турыстычныя бюро, і беларускія і польскія, хацелі каб мы маглі існаваць і весці турыстычны бізнес у як мага лепшых варунках. Алё ёсць пэўныя моманты, якія нам гэта ўскладняюць. З нашага боку гэта візавае пытанне пры прыёме беларускіх груп, а з беларускага боку — пытанне чэргаў на мяжы.
Яшчэ адна праблема ў тым, што адпачынак у Беларусі зусім не танны. І падляшскія прадпрымальнікі, якія займаюцца турыстычным бізнесам, гэта выдатна разумеюць — працягвае наш суразмоўца:
— Беларусь, на жаль, не самая танная краіна: гатэлі часта даражэйшыя за польскія. Цэны тут не той аспект, які б прыцягваў. Мы гэта і ўсведамляем і бачым, як прадпрымальнікі, што Беларусь — не самы танны турыстычны кірунак, ёсць нашмат таннейшыя краіны.
Кіраўнік беластоцкага турыстычнага бюро Мечыслаў Жукоўскі спадзяецца, што праблемы будуць вырашацца, і асабліва ўсцешаны тым, што ў рэгіёне Аўгустоўскага канала мае яшчэ ў сёлета з’явіцца аднабаковы бязвізавы рух. Таксама ён сказаў, што польскім турыстам вельмі падабаецца, што ў Беларусі – цытата – «вельмі чыста».
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя