Турыстычныя аб’екты недасяжныя для людзей з інваліднасцю
Больш за палову даследаваных турыстычных аб’ектаў у Менску недасяжныя для людзей з інваліднасцю. Пра гэта сведчаць вынікі маніторынгу, што быў праведзены Офісам па правах людзей з інваліднасцю. Распавядае кіраўнік кампаніі Наталля Барысенка-Кляпач:
– Мы змаглі прааналізаваць 68 аб’ектаў у Менску. З іх 36 аб’ектаў радыкальна недасяжныя, дасяжныя – 12. Для таго каб падкрэсліць, што на некаторых аб’ектах сітуацыя лепшая за “0”, мы выдзелілі асобную катэгорыю – “Дасяжна не для ўсіх”.
У катэгорыю «Дасяжна не для ўсіх» патрапіла 17 аб’ектаў, яшчэ 3 аб’екты збанкрутавалі за час даследавання.
Трэба зазначыць, што маніторынг тычыўся не толькі дасяжнасці для людзей з інваліднасцю. У інклюзіўным турызме маюць патрэбу і цяжарныя жанчыны, маці малых дзетак, вельмі высокія ці, наадварот, нізкія ростам людзі, пенсіянеры і г.д.
Арганізатары маніторынгу наракаюць на адсутнасць камунікацыі з міністэрствамі і ведамствамі, наўпрост звязанымі з турыстычнай галіной. У Офісе па правах людзей з інваліднасцю спадзяюцца, што дыялог з чыноўнікамі ўсё ж пачнецца на наступных этапах кампаніі за інклюзіўны турызм.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота Наша Ніва