Турызм па рэках Беларусі па-ранейшаму ў зародкавым стане
“Водны патэнцыял Палесся неабходна максімальна выкарыстоўваць у турыстычнай сферы”, – перакананая намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна. Па словах эксперта, разуменне значэння водных рэсурсаў у развіцці айчыннага турызма ёсць, але бракуе больш канкрэтных, мэтанакіраваных спраў. Так у Пінску неаднойчы прапаноўвалася палепшыць сэрвіс паслуг і пашырыць маршрут пасажырскага цеплахода, які здзейсняе навігацыю па Піне ды Прыпяці. На думку эксперта, стымул развіццю надавала б канкурэнцыя:
– Гэта не зацікавіла ні мясцовую ўладу, ні кіраўнікоў параходства, ні кіраўнікоў міністэрства, бо каб іх зацікавіла, каб гэта была канкурэнцыя, каб гэта было так, як у заходніх краінах, дзе ёсць канкурэнцыя, то адзін перад адным змагаліся б за лепшую абслугу турыстаў.
Водны рэсурс поўдня Беларусі прываблівае замежных турыстаў, але павінна быць адпаведная інфраструктура. Пакуль пераважна ўсё абмяжоўваецца невялікімі экскурсіямі па легендарных палескіх рэках.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота news.vitebsk.cc