«Тут мусіла быць фота», але зрабіць яго няма каму
«Тут мусіла быць фота», але зрабіць яго няма каму. Фотакарэспандэнтаў затрымалі. 17 верасня галоўныя старонкі сайтаў незалежных медыя выходзяць без фотаздымкаў. Замест іх інфармацыя пра затрыманні.
Такім чынам журналісты выказваюць салідарнасць з фотарэпарцёрамі Аляксандрам Васюковічам і Уладзем Грыдзіным, якіх учора асудзілі за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». Яны выконвалі прафесійныя абавязкі, асвятляючы акцыю пратэсту «Марш герояў».
Журналісцкую акцыю каментуе старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
– Гэта свайго роду жэст адчаю. Ужо столькі выпадкаў затрыманняў журналістаў ад дня выбараў, што вельмі цяжка падумаць, што яшчэ можна зрабіць. Скаргі ў міліцыю і звароты да дзяржаўных установаў, і спробы ў судзе адстаяць відавочныя рэчы, але, на жаль, журналістам даводзіцца ўжо ладзіць акцыі, што не зусім, можа быць, і наша справа.
А справа журналістаў, нагадвае Андрэй Бастунец – інфармаваць грамадства, а не ўдзельнічаць у акцыях пратэсту.
Але ўлады ў Беларусі ствараюць невыносныя ўмовы для працы незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Ад пачатку года – Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 312 фактаў парушэння правоў журналістаў.
Цяпер адбываюць арышт журналісты:
✅ Яўген Меркіс — 15 сутак ✅ Аляксандр Васюковіч — 11 сутак ✅ Уладзь Грыдзін — 11 сутак ✅ Сяргей Шчурко — 15 сутак ✅ Марына Драбышэўская — 10 сутак ✅ Яўген Мікалаевіч — 10 сутак
Таксама арышт адбывае былы супрацоўнік прэзідэнцкага пулу Дзмітрый Семчанка — 15 сутак.
Ва ўсіх пакаранне паводле арт. 23.34 КаАП Беларусі – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя