„Тваё заўтра” хоча дапамагчы „каліноўцам” вярнуцца ў Беларусь
Інтэрнэт-агенцтва “Тваё заўтра”, прэзентацыі якога адбыліся амаль па ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, хоча вярнуць у Беларусь “каліноўцаў” – беларусаў, што з’ехалі вучыцца за мяжу па праграме Каліноўскага. Агенцтва “Тваё заўтра” з’яўляецца пляцоўкай для камунікацыі паміж бізнесам і людзьмі, што вяртаюцца ў Беларусь з еўрапейскай адукацыяй. І прадстаўнікі агенцтва спадзяюцца, што іх дапамога будзе патрэбна абодвум бакам.
Чым могуць быць “каліноўцы” цікавыя Беларусі? Расказвае каардынатар праекта Наталля Літвіненка:
– Праект разлічаны на “каліноўцаў”, бо нам з імі прасцей было камунікаваць. Тым больш мы маем вялікую базу, таму ведаем патрэбы маладзёнаў, што атрымліваюць адукацыю за мяжой. Аднак ідэя значна шырэйшая: мы плануем ахапіць усю моладзь з еўрапейскай адукацыяй, даць магчымасць беларусам. Рэгістрацыя даступная для ўсіх.
Пакуль пляцоўка карыстаецца невялікім попытам, аднак яе стваральнікі спадзяюцца, што да канца верасня, калі будзе вялікая сустрэча ў Менску, да яе далучацца не толькі былыя “каліноўцы”, але і іншыя зацікаўленыя беларусы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота fulledu.ru