Творчая вечарына Міколы Канановіча ў роднай вёсцы



У роднай вёсцы Вострава Слонімскага раёна адбылася творчая вечарына сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, намесніка галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” Міколы Канановіча. Вечарыну арганізавалі Святлана Адамовіч – кіраўнік Слонімскай суполкі ТБМ і вясковыя культасветработнікі. Святлана Адамовіч была вядучай гэтай творчай імпрэзы.

Літаратурна-музычная вечарына не была прымеркавана ні да якой даты. Ды і не так часта сёння вяскоўцы наладжваюць творчыя вечары сваім знакамітым землякам. А вельмі шкада. Прыклад гэтаму паказала вечарына Міколы Канановіча ў Востраўскім сельскім клубе, якая адбылася даволі цікава і шчыра.

Шмат вершаў са свайго зборніка “І доўжыцца ноч…” і з літаратурнага альманаху “Новы замак” прачытаў сам Мікола Канановіч, а таксама артыст Слонімскага драмтэатра Ціхан Канановіч. Былы старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Воля да развіцця” Міхась Варанец прыгадаў той час, калі, дзякуючы яму, свет пабачыў першы зборнік вершаў Міколы Канановіча “І доўжыцца ноч…”. Пра творчасць і сяброўскія адносіны, пра месца Міколы Канановіча ў літаратурнай Беларусі распавядалі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Таццяна Яцук з Баранавіч і Сяргей Чыгрын са Слоніма, сябра Саюза беларускіх мастакоў Мікола Бушчык, вяскоўцы і сваякі паэта. Слонімец Уладзімір Лабко прачытаў некалькі літаратурных пародый на вершы Міколы Канановіча, а спявачка з Баранавіч Рэгіна Скіпар парадавала ўсіх добрымі песнямі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара