Творчы конкурс „Ведай. Кажы. Вучы”



Кампанія „За права на інфармацыю” з Symbal.by і Hrodna.life праводзіць конкурс прымеркаваны да Міжнароднага дня ўсеагульнага доступу да інфармацыі, які адзначаецца 28-га верасня.

Арганізатары хочуць падвысіць абазнанасць у праве грамадзян на доступ да інфармацыі – гэта значыць пра права ведаць, як службовыя асобы выконваюць свае абавязкі і наколькі эфектыўна трацяцца грошы падаткаплацельшчыкаў.

Пра свой удзел у конкурсе распавядае рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік:

– Мы ўдзельнічаем у гэтым конкурсе разам з арганізатарамі кампаніі „За права на інфармацыю” і Symbal.by. Мы будзем прадастаўляць прызы тым, хто дашле самыя цікавыя аповеды, або фотаздымкі на тэму забаронаў на інфармацыю альбо на доступ да яе. Таксама ў межах гэтай кампаніі ў Гародні пройдзе майстар-клас па адукацыі ці круглы стол. Калі ў вас ёсць нейкія пытанні, якія вы хацелі б высветліць, то вы можаце дасылаць іх нам у рэдакцыю, каб мы данеслі іх да экспертаў.

Да 29-га верасня арганізатары чакаюць фотаздымкі, відэа, аповеды пра самыя вар’яцкія забароны, з якімі вы сутыкаліся. Працы дасылайце на [email protected] або размяшчайце ў сацсетках з хэштэгамі #pravavedac #БАЖ.

2-га кастрычніка журы абярэ трох пераможцаў, якія атрымаюць падарункі — сертыфікаты ад Symbal.by. Узнагароджанне адбудзецца 3-га кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня