„Ты, мой народ, мяне не папракнеш: я ўсё табе аддаў – жыццё і сілы”…
Помнік паэту Генадзю Бураўкіну адкрыты ў дзень яго 79-годдзя на Усходніх могілках у Менску, дзе пахаваны творца. На помніку, як запавет, выбітыя словы з ягонага верша: „Ты, мой народ, мяне не папракнеш: я ўсё табе аддаў — жыццё і сілы”…
Па словах старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча (Сачанкі), ужо больш за год, як Генадзь Мікалаевіч пайшоў з жыцця, але шмат хто працягвае згадваць яго, як жывога:
– Мы згадваем яго добрым словам, згадваем яго вершы, яго мудрыя словы, кшталту тых, што з’явіліся сёння на помніку. Думаю, кожны беларус, згадаўшы ягонае жыццё і тое, што ён зрабіў для Беларусі як паэт, як грамадскі дзеяч, як кіраўнік тэлебачання, як прадстаўнік Беларусі пры ААН, згадаў яго добрым словам, з удзячнасцю за ўсё тое, што ён зрабіў дзеля Беларусі.
Каля помніку Генадзю Бураўкіну выступілі паэты Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Някляеў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, акадэмік Радзім Гарэцкі, жырналіст Аляксандр Старыкевіч, сын паэта Аляксей Бураўкін.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота svaboda.mobi