«Тыдзень абароны жывёл» аб’яўлены ў Пінску
Сёлета з-за пандэміі каронавірусу штогадовая акцыя пройдзе ў анлайн фармаце. Усе віктарыны, конкурсы, акцыі па зборы ахвяраванняў ды раздачы жывёл адбудуцца праз сеціва.
Гаворыць старшыня Пінскага дабрачыннага аб’яднання «Абарона жывёл» Алена Рамановіч:
– Мы прапанавалі нашым удзельнікам груп у сацсетках і ўвогуле пінчанам падзяліцца гісторыямі набыцця сваіх гадаванцаў-улюбёнцаў, калі яны ўзятыя з вуліц ці ператрымак. То бок – у валанцёраў, у нашай арганізацыі альбо ў кагосьці яшчэ, менавіта былыя бяздомышы. Каб усё больш людзей разумела, што браць жывёлаў з вуліцы не так страшна, яны таксама маюць права на шчасце, на дом. І яны прыносяць не менш радасці, чым пародзістыя жывёлы, купленыя за грошы.
Алена Рамановіч дадае, што таксама запланаваныя анлайн дыскусіі па тэме стэрылізацыі жывёл ды жорсткага абыходжання з чацвераногімі.
Беларускае Радыё Рацыя
