“Тыдзень абароны жывёл” праходзіць у Пінску



Актывісты залагічнага руху правялі інфармацыйны флэшмоб – першае мерапрыемства ў межах агульнагарадской акцыі. Валанцёры распаўсюджвалі сярод гараджан улёткі і газеты аб сваёй дзейнасці і праблеме бадзяжных жывёл, як у Беларусі, так і ў Пінску.

Ладзіць акцыю мясцовая добрахвотная грамадская арганізацыя “Абарона жывёл”. Чалец праўлення арганізацыі Алена Рамановіч адзначае, што без увагі і салідарнасці грамадзян выправіць сітуацыю нельга:

– Работы ў нас заўсёды шмат, арганізацыя ў нас дабрачынная, мы не атрымліваем зарплаты, усе нашыя сябры – гэта людзі, якія або недзе працуюць, або пенсіянеры. Мы не можам усіх падабраць і забраць. У нас у горадзе няма прытулка, у нас няма дзе, трымаць жывёлаў. Уявіце, 130-тысячны горад, кожны дзень тэлефануюць – там кацяня, там шчаня.

Сёння пінскія актывісты залагічнага руху наведваюць навучальныя ўстановы гораду, каб правесці “Заняткі дабра” – асветніцкія размовы з вучнямі школ пра адносіны да жывёл.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя