Тыдзень прафілактыкі сямейнага гвалту



У Беларусі аб’яўлены Тыдзень прафілактыкі правапарушэнняў у сямейна-бытавай сферы. З 29-га ліпеня па 3-е жніўня ўключна праваахоўнікі зладзяць акцыю “Побыт”, у межах якой праінфармуюць грамадзянаў аб прававых нормах, пра дапамогу, якая аказваецца ахвярам гвалту, магчымасці ўжывання ахоўнага прадпісання ў дачыненні да тырана.

Па словах адваката, чальца Саюзу юрыстаў Уладзіміра Юдзіна, у выніку парушэння прадпісання, адказнасць сямейнага гвалтаўніка павялічваецца:

– За невыкананне патрабаванняў ахоўнага прадпісання грамадзянінам, якому яно вынесенае, ужываюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Менавіта, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў.

Як паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў, тыдзень прафілактыкі сямейнага гвалту аб’яўлены ў сувязі з павелічэннем злачыннасці ў гэтай сферы. Так за першае паўгоддзе зафіксавана звыш 20 тысяч сямейна-бытавых канфліктаў.

Беларускае Радыё Рацыя