Тыдзень птушак стартаваў у Берасці
Дзесяты па ліку традыцыйны тыдзень птушак стартаваў у берасцейскім абласным музеі краязнаўства. У межах святочнага мерапрыемства былі прэзентаваныя стэнды па ахоўных прыродных тэрыторыях Берасцейскай вобласці, вынікі конкурса ’’Птушка году’’ і адмысловая выстава фотаздымкаў. Адзін з арганізатараў сустрэчы, прадстаўнік грамадскага аб’яднання ’’Ахова птушак Бацькаўшчыны’’ Андрэй Абрамчук адзначыў, што тыдзень птушак разлічаны пераважна на школьную аўдыторыю:
– У асноўным, канешне, пазнавальнае мерапрыемства, дзеці праз гульні пазнаюць у цэлым аб прыродзе, аб ахове прыроды, аб практычных метадах. І вось у гэтым годзе, улічваючы, што вушасная сава птушка года, а гэта птушка, якая з ахвотаю адгукаецца на дапамогу, у тым ліку на штучныя гнездзішчы, мы раскажам, як зрабіць домік для вушастай савы.
Цягам тыдня сярод адукацыйных установаў Берасця будуць праведзеныя інфармацыйныя сустрэчы, конкурсы малюнкаў і гульні з дзецьмі на экалагічную тэматыку сіламі актывістаў арганізацыі ’’Ахова птушак Бацькаўшчыны’’.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота bezbolot.net
