Тыдзень роднай мовы адзначаць у БДУ
Гэтай падзеі прысвечаны цыкл мерапрыемстваў, якія пройдуць на філалагічным факультэце з 21 па 28 лютага.
Адкрые праграму 21 лютага літаратурна-музычная кампазіцыя “Я слаўлю мову як яднання дар…” Пачатак у 12.45. Свае творчыя нумары на розных мовах, якія выкладаюцца ў БДУ, прадставяць беларускія і замежныя студэнты філалагічнага факультэта. Гасцямі свята стануць кіраўніцтва ВНУ і факультэта. Запрошаны таксама акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце Вольга Зелянко, паэт, празаік Анатоль Зэкаў і курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
Працягнецца мерапрыемства 22 лютага інтэлектуальна-пазнавальнай гульнёй „Філалогія і Я” для студэнтаў-першакурснікаў. Іх чакаюць „Рэкламны”, “Прывітальны”, “Паэтычны”, “Эўрыстычны”, “Крэатыўны”, “Фразеалагічны”, “Літаратурны”, “Песенны” і “Музычны” конкурсы. Пачатак у 12.45 .
У панядзелак, 25 лютага, пройдзе лінгвістычна-дыскусійная гасцёўня на тэму “Яны змаглі, а ТЫ зможаш?”. Удзельнікі абмяркуюць сувязь філалогіі з бізнесам, актуальнасць папулярызацыі беларускай мовы сярод моладзі. Вопытам адкрыцця моўных курсаў падзеліцца выпускніца філалагічнага факультэта 2012 года Ірына Зімнева. Яна з’яўляецца дырэктарам і заснавальнікам цэнтра „Славянскія мовы і культуры”. Таксама ў гэты дзень будуць прадстаўлены стартап-праекты трэцякурснікаў філалагічнага факультэта.
Прэзентацыя кнігі “Карані нашых прозвішчаў” адбудзецца 26 лютага. Яе аўтарамі з’яўляюцца прафесар Валянціна Лемцюгова і прафесар кафедры гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта Ірына Гапоненка. Тэматычным днём стане 27 лютага. Ён будзе прысвечаны беларускаму перакладу. У гэты дзень супрацоўнікі кафедры замежнай літаратуры распавядуць аб пераводзе на беларускую мову твораў замежных аўтараў, правядуць агляд кніжных серый перакладчыцкай літаратуры.
Завершыцца цыкл мерапрыемстваў 28 лютага лекцыяй “Беларуская дзяржаўнасць: ад вытокаў да сучаснасці” гісторыка, археолага, старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы прафесара Ігара Марзалюка.
Тыдзень роднай мовы на філалагічным факультэце прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які па ініцыятыве ЮНЕСКА адзначаецца штогод 21 лютага.