Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
Праваабарончы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі сёлета пашырае сваю геаграфію на краіны-суседкі.
Мерапрыемствы, якія працягнуцца па 10 кастрычніка, пройдуць ва Украіне, Польшчы, Літве і Казахстане. Пра гэта распавёў каардынатар кампаніі «Праваабаронца супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда.
— Зараз мы едзем на мерапрыемства, якое будзе адбывацца ў Чарнігаве, у нас там запланавана адкрыццё выставы плакатаў, якія намаляваў Алег Аблажэй, з аргументамі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Там таксама плакаты фондаў Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання. Таксама там запланавана дыскусія, прагляд відэаматэрыялаў, зробленых у межах кампаніі супраць смяротнага пакарання. Мы едзем разам з Любоўю Кавалёвай, якая таксама будзе прымаць удзел у гэтых мерапрыемствах.
Першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання праваабарончы цэнтр «Вясна» правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Кампанія распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага антыгуманнага віду пакарання і далучэння Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя