Тыдзень супраць смяротнага пакарання распачаўся ў Беларусі



Тыдзень прымеркаваны да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які штогод адзначаюць 10 кастрычніка.

Ад сёння шэраг мерапрыемстваў пройдуць ў Менску і рэгіёнах. Сёлета кампанія праводзіцца пад лозунгам «Правасуддзе без забойства».

„Найважнейшае ў гэтай кампаніі – інфармацыя і дыскусія,” – кажа Паліна Сцепаненка з ініцыятывы «Правабаронцы супраць смяротнага пакарання».

– Шмат хто проста не ведае, што ў Беларусі існуе смяротнае пакаранне. Праз гэты тыдзень мы яшчэ раз нагадваем людзям, што смяротнае пакаранне ёсць, яно рэальнае. І мэта нашай кампаніі «Правабаронцы супраць смяротнага пакарання» – гэта адмена смяротнага пакарання, і першы крок – гэта мараторый. Таму мэсыдж тыдня супраць смяротнага пакарання – сёлета правасуддзе без забойства.

У рамках кампаніі сёння ўвечары, 5 кастрычніка, у сталічным клубе Re: Public – фестываль «Рок за жыццё”, там выступяць маладыя беларускія рок-гурты.

Заўтра, 6 кастрычніка, фестываль перамесціцца ў магілёўскі клуб Cuba. Там да яго далучыцца рок-гурт «Петля пристрастия». Не толькі канцэрты, але таксама дыскусіі і прэзентацыі дакументальнага кіно – запланаваныя ў рамках тыдня супраць смяротнага пакарання, праграму якога знойдзем, між іншым, на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя