Тысяча подпісаў за наданне менскай вуліцы імя Ларысы Геніюш



Моладзь БНФ за месяц сабрала больш за тысячу подпісаў за наданне адной з вуліц у горадзе Менску імя Ларысы Геніюш. Сёння гэтыя подпісы будуць перададзены ў Менскі гарадскі Савет дэпутатаў.

“Больш за тысячу подпісаў было сабрана фактычна за 5-6 выхадаў на вуліцу, бо за адзін вечар можна было лёгка назбіраць 200-250 подпісаў. Людзі сапраўды ахвотна падпісваліся. Сярод іх былі як моладзь, так і сталыя людзі. На жаль, шмат хто не ведаў, хто такая Ларыса Геніюш, але ў такіх выпадках мы распавядалі пра яе жыццёвы шлях і творчасць”, – кажа актывіст менскай гарадской арганізацыі Мікалай Логвінаў.

“Гэта працяг нашай кампаніі #Геніюш2016. Пакуль нам адмовілі ў рэабілітацыі Ларысы Антонаўны, але мы, нягледзячы ні на што, працягваем гэтую кампанію. На дадзеным этапе мы папулярызуем творчаць Ларысы Геніюш, гісторыю яе грамадскай дзейнасці. Я лічу, такія акцыі сапраўды важныя і патрэбныя, бо, на жаль, пра адну з самых выбітных паэтак Беларусі не даведаешся з падручнікаў. Мы працягваем сваю працу і спадзяёмся на яшчэ большую грамадскую падтрымку кампаніі”, – кажа актывістка менскай гарадской арганізацыі Ганна Смілевіч.

Сёння подпісы будуць перададзены у Менскі гарадскі Савет дэпутатаў. Невядома, што адкажуць народныя абраннікі, і ці не праігнаруюць голас больш чым за 1000 грамадзян Рэспублікі Беларусь. Моладзь БНФ личыць, што гэта ўнікальная магчымасць паказаць адносіны мясцовай улады да голасу сваіх выбаршчыкаў, а таксама паказаць сваё стаўленне да беларушчыны. Будзе вельмі сорамна для гарадскіх улад, калі ў Менску існуюць вуліцы ў гонар бязлікай колькасці камуністычных дзеячаў, а вуліцы для ўшанавання памяці выбітнай паэткі не знойдзецца.

“Нягледзячы на тое, які будзе адказ, кампанія будзе працягвацца. Ужо зараз пачнецца збор подпісаў нашымі актывістамі за вуліцу імя Ларысы Геніюш у Зэльве. Таксама зараз ідзе распрацоўка конкурсу для маладых паэтаў імя Ларысы Геніюш, плануецца пленэр мастакоў на радзіме паэткі і моладзевы летнік для творчай моладзі ў Зэльве. Разам з тым, мы працягваем пошук варыянтаў для рэабілітацыі Ларысы Антонаўны”, – кажа Дзяніс Мандзік, які выконвае абавязкі намесніка старшыні Моладзі БНФ.

“Зразумела, што гэтая рэабілітацыя ўжо не патрэбна Ларысе Антонаўне. Гэтая рэабілітацыя патрэбна ўладзе, бо ў яе ёсць унікальная магчымасць пакаяцца за сталінскія рэпрэсіі. Для нас жа гэтая кампанія стала справай прынцыпу і годнасці. Мы будзем працягваць яе пакуль не дасягнём канчатковай місіі. Ларыса Антонаўна – цудоўны прыклад змагання. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, цяжкасці, яна з годнасцю пражыла сваё жыццё і пакінула нам надзею на тое, што аднойчы мы зможам прачнуцца ў той краіне, пра якую мы ўсе марым. Ёсць адны цудоўныя словы, якія б я хацеў працытаваць і якія вельмі добра апісваюць вартасць гэтай кампаніі і ўвогуле нашага агульнага змагання: «Спачатку яны цябе не заўважаюць, потым смяюцца над табой, потым змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш», – кажа кіраўнік Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.

Паводле moladz.info