Тысячы ахвяраў рэжыму на Берасцейшчыне
Ужо на тысячы ідзе колькасць ахвяраў рэжыму на Берасцейшчыне. Некаторым пашчасціла і проста атрымалі штрафы ды суткі, а некаторыя прайшлі праз здзекі і катаванні, атрымалі псіхічныя і фізічныя траўмы, – распавялі самі берасцейцы:
– Я – грамадзянка Рэспублікі Беларусь, мяне абураюць дзеянні людзей, якія захапілі ўладу. Нас крадуць на вуліцах, потым судзяць і штрафуюць, але гэта нас не спыніць. Я ўдзельнічаю ў пратэставых акцыях, і гэта адзіная магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. І калі я бачу, што супраць жанчын выходзяць вадамёты, аўтазакі, фашысты ў форме АМАПу, прычым АМАПАўцы сваімі дзеяннямі дэманструюць, што яны тут улада, я абураюся.
На дадзены момант, згодна звестак праваабаронцаў, адсутнічае агульная лічба ахвяраў па Берасцейшчыне. Большасць імёнаў ды прозвішчаў застаюцца невядомымі, паколькі затрыманні і гвалт адбываюцца штодня.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце