У 11-ці сябраў праваабарончага цэнтра “Вясна” прайшлі ператрусы
У адзінаццаці сябраў праваабарончага цэнтра “Вясна” прайшлі ператрусы. Акрамя Менска — гэта таксама Гародня, Смаргонь, Барысаў, Мазыр і Ворша, дзе знаходзяцца філіі арганізацыі.
“Мы бачым сёння чарговую атаку на праваабаронцаў “Вясны”, — заявіла яе сябра Наталля Сацункевіч:
— На жаль, за 25 год свайго існавання арганізацыя зазнала даволі шмат такіх атак. Канешне, сённяшняя выглядае вельмі маштабнай, і мы дагэтуль не ведаем лёсу большасці нашых калег. Адзінае, што вядома на бягучы час, гэта тое, што Валянцін Стэфановіч затрыманы на 72 гадзіны. Што адбываецца з іншымі – невядома. Таксама дагэтуль не на сувязі старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Спадзяемся, што ён у небяспечным месцы, але агульная тэндэнцыя ўсё ж такі даволі сумная.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заявіў, што арганізацыя ажыццяўляе выключна мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека. “Мы не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці”,– гаворыцца ў заяве.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя