У 2015 годзе ў Беларусі нарадзілася рэкордная колькасць дзяцей



У 2015 годзе ў Беларусі нарадзілася 119.506 дзяцей — рэкордная колькасць за 20 гадоў, паведаміла 27 студзеня на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

Віцэ-прэм’ер назвала гэта „выдатным дасягненнем” і адзначыла, што да гэтага рэкордным лічыўся 2014 год, тады ў краіне з’явіліся на свет 118,5 тыс. дзяцей.

Міністр аховы здароўя Васіль Жарко паведаміў, што летась Беларусь упершыню з 1993 года выйшла на нулявы баланс паміж нараджальнасцю і смяротнасцю, а з улікам міграцыі розніца паміж нараджальнасцю і агульнай смяротнасцю насельніцтва склала 17.873 чалавекі.

Паводле яго слоў, з 2011 года паказчык смяротнасці насельніцтва ўпаў на 10,5%, а каэфіцыент нараджальнасці вырас на 9,6% (з 11,5 у 2011 годзе да 12,6 праміле ў 2015 годзе). Такое сцісканне „дэмаграфічных нажніц” ён патлумачыў вядзеннем карпатлівай працы органаў і арганізацый аховы здароўя, а таксама выкананнем дзяржаўных дэмаграфічных праграм. У выніку паказчык дзіцячай смяротнасці знізіўся за пяць гадоў на 22,5% з 3,9 праміле да 3,0 праміле. У перынатальных цэнтрах выжывальнасць нованароджаных з масай 500—1.000 грамаў складае 82%. Па выніках 2015 года выпадкаў мацярынскай смяротнасці ў Беларусі не зарэгістравана.

У штогадовым рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства, Беларусь сёння знаходзіцца на 25-м месцы сярод 179 краін свету.

Разам з тым, працягнуў міністр, стаіць мэта выйсці на ўзровень дзіцячай смяротнасці 2,5 праміле. На пытанне, ці можна знізіць гэты паказчык да нуля, ён адказаў, што гэта не можа быць забяспечана толькі аховай здароўя. „На жаль, бываюць выпадкі бытавой смяротнасці дзяцей, і не толькі ў сацыяльна неспрыяльных умовах, але трагедыі здараюцца і ў паспяховых сем’ях”, — адзначыў Жарко.

Вялікае значэнне для выжывальнасці дзяцей мае аказанне кардыяхірургічнай дапамогі дзецям з прыроджанымі парокамі сэрца. У 2015 годзе ў рэспубліцы адкрыты РНПЦ дзіцячай хірургіі, дзе за 2015 аказаная дапамога больш чым 9 тысячам дзяцей.

У рэспубліканскіх цэнтрах дзіцячай уралогіі, нефралогіі і нырачнай замяшчальнай тэрапіі на базе 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска за 5 гадоў выканана 790 аперацый пры прыроджаных пароках развіцця мочавыводных шляхоў і 106 трансплантацый ныркі ў дзяцей.

Распрацаваныя і ўкаранёныя ў клінічную практыку сучасныя пратаколы дыягностыкі і лячэння дзяцей з анкагематалагічнай паталогіяй, што дазволіла вядучай установе краіны — РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі — павысіць агульную пяцігадовую выжывальнасць дзяцей да 17 гадоў са злаякаснымі новаўтварэннямі да 77%.

Акрамя таго, сетка медыка-генетычных цэнтраў з дапамогай метадаў дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій за 2011—2015 гады дазволіла забяспечыць нараджэнне больш за 1.600 дзяцей, пры гэтым эфектыўнасць дадзенай тэхналогіі складае больш за 40%, што адпавядае сусветным паказчыкам.

БелаПАН