У 2016 насельніцтва Менска вырасла на 4,4 тыс. чалавек
Колькасць насельніцтва Менска па стане на 1 ліпеня 2016 года склала 1 млн. 964,2 тыс. чалавек, што на 4,4 тыс. больш у параўнанні з пачаткам бягучага года, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.
Фота: wikipedia.org
У студзені—чэрвені 2016 года ў сталіцы нарадзілася 10.904 дзіцяці, на 16 больш у параўнанні са студзенем—чэрвенем 2015 года. Памерла 8.758 чалавек, менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года на 34 (на 0,4%). Натуральны прырост склаў 2.146 чалавек, на 50 (на 2,4%) больш, чым у студзені—чэрвені 2015 года.
У першыя шэсць месяцаў 2016 года зарэгістраваны 6.191 шлюбны саюз, афіцыйна скасавалі шлюб 3.779 сем’яў.
Нагадаем, тэму перанаселенасці Менска чарговы раз закрануў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 22 чэрвеня на пятым Усебеларускім народным сходзе. „У любым месцы Беларусі кожнаму чалавеку павінна быць аднолькава камфортна, не павінна быць разрыву паміж горадам і вёскай, паміж сталіцай і рэгіёнам”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, галоўным кірункам будзе прыцягненне інвестыцый у рэгіёны, якія дадуць новыя працоўныя месцы, годны заробак і падаткі ў мясцовы бюджэт. „Нам трэба раўнамернае размеркаванне прадукцыйнасці па краіне, — сказаў Лукашэнка. — Нельга ўсё цягнуць у Менск. Мы ўжо сёння ў гадзіны пік не можам перасоўвацца па транспартных артэрыях Менска. Мы, як і ўсе краіны вакол і ў свеце, можам дапусціць найцяжкую і непапраўную памылку, калі палова насельніцтва жыве ў сталіцы і ваколіцах. І ў выніку народ, які жыве ў сталіцы і ваколіцах, задыхаецца. Вам гэта трэба? Не. І менчанам тым больш”.
Ён нагадаў, што для гэтага ўжо прынятыя сур’ёзныя меры аж да скарачэння жыллёвага будаўніцтва ў Менску і пераносу яго ў рэгіёны. „Гэтая палітыка будзе працягнутая”, — заявіў Лукашэнка.