У 2017 годзе ў Беларусі было забіта 1.600 ваўкоў



Паводле папярэдніх дадзеных, у 2017 годзе ў беларускіх лясах было забіта 1.600 ваўкоў, паведаміў 29 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч.

„Папуляцыя ваўка з кожным годам павялічваецца. Гэта і міграцыя ваўка з суседніх краін — Расеі і Украіны, асабліва ў Гомельскую вобласць. У 2016 годзе было забрана з прыроды 1.800 асобін ваўка, з якіх 900 — у Гомельскай вобласці”, — паведаміў міністр.

Ён расказаў пра выпадак, калі ў адной з паляўнічых гаспадарак на працягу дня было забіта дзевяць ваўкоў, а дзясяты — паранены — вырваўся з загону.

„Ваўкі на сёння — гэта бяда, і іх колькасць трэба паменшыць. Бо адзін воўк за год з’ядае каля дзвюх тон мяса. У лесе ўжо няма дзіка, які практычна знішчаны з-за пагрозы АЧС і які быў галоўнай ежай для ваўка. Застаюцца лось, алень, казуля”, — растлумачыў Амельяновіч.

Ён таксама паведаміў, што ў 2017 годзе ўзрос паток замежных турыстаў-паляўнічых, чаму спрыяла ўвядзенне пяцідзённага бязвізавага рэжыму. „На 25—30% замежных паляўнічых было больш. Але пяць дзён мала для палявання, таму мы чакаем павелічэнне бязвізавага тэрміну да 10 дзён”, — сказаў кіраўнік ведамства.

Паводле дадзеных Мінлясгаса, у 2017 годзе даходы ад паляўнічай гаспадарчай дзейнасці склалі 4,1 млн рублёў. У сістэме ведамства 96 паляўнічых комплексаў, у тым ліку ў Берасцейскай вобласці — 13, у Віцебскай — 21, Гомельскай — 13, Гарадзенскай — 12, Менскай — 25, Магілёўскай — 12. У 2018 годзе плануецца пабудаваць яшчэ адзін комплекс. Усяго за пяць гадоў у лесапаляўнічых гаспадарках Мінлясгаса было пабудавана 25 аб’ектаў.

belapan.by