У 2019 годзе колькасць уцекачоў у Еўропе вырасце на 40%
Агульная колькасць уцекачоў, якія маюць патрэбу ў перасяленні ў іншыя краіны, у 2019 годзе дасягне 1,4 млн. Гэта на 17% больш, чым у сёлета, паведамляюць у Агенцтве ААН у справах уцекачоў (Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў).
У перасяленні маюць патрэбу ўцекачы з 36 дзяржаў. Трэці год запар большасць сярод іх складаюць выхадцы з Сірыі. У 2019 годзе ў трэція краіны неабходна перасяліць 600 тысяч сірыйцаў — гэта на 26% больш, чым цяпер.
У цэлым асноўную частку перасяленцаў складаюць жыхары Афрыкі, асабліва — Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Паводле дадзеных агенцтва, у наступным годзе ў перасяленні будуць мець патрэбу 163 тысячы грамадзян Конга (на 10 адсоткаў больш, чым у 2018 годзе).
Уцекачоў, якія чакаюць перасялення ў еўрапейскія краіны, стане на 40 адсоткаў больш, чым сёння. Іх колькасць у 2019 годзе дасягне 420 тысяч.
У Паўднёвым Судане, дзе актывізаваліся баявыя дзеянні, рост колькасці ўцекачоў, якіх трэба рассяліць у іншых краінах, перавысіў 70%.
Эксперты УВКБ прагназуюць рост колькасці перасяленцаў і з амерыканскіх краін. Паказнікі хоць і сціплыя ў параўнанні з Афрыкай — усяго 4 000 чалавек, аднак гэта на 123% больш, чым сёлета.
Усе краіны, якія падпісалі ў 2016 годзе Нью-Ёркскую дэкларацыю, пацвердзілі неабходнасць пашырыць праграму па перасяленні ўцекачоў у трэція краіны. Тым не менш, потым дзяржавы рэзка скарацілі квоты для перасяленцаў. У 2017 годзе толькі 72 200 уцекачоў з усяго свету атрымалі магчымасць перабрацца на новае месца ў межах гэтага праекта.
У сувязі з гэтым у Агенцтве ААН па справах уцекачоў рыхтуюцца адразу да некалькіх міграцыйных крызісаў у 2019 годзе: увагі запатрабуе сітуацыя ў краінах, вымушаных прытуліць вялікую колькасць уцекачоў, міграцыя па міжземнаморскім маршруце і перасяленні з Турэччыны, Лівана, Іарданіі, Ірака і Егіпта, звязаныя з сірыйскім канфліктам.
Праграма па перасяленні дае магчымасць тым, хто звярнуўся па прытулак, пераехаць у трэцюю краіну, якая гатова іх прыняць і даць гарантыі бяспекі. Рэалізацыяй гэтага праекта займаюцца міжнародныя агенцтвы, уключаючы Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.
Паводле news.un.org