У 2019 годзе ў свеце забіта 49 журналістаў
У 2019 годзе ў свеце забіта 49 журналістаў, 389 зараз знаходзяцца ў турме, 57 – у закладніках. Пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы арганізацыі „Рэпарцёры бяз межаў”.
„Журналістыка застаецца небяспечнай прафесіяй, але колькасць журналістаў, якія загінулі сёлета, ёсць сама нізкай за 16 апошніх гадоў”, – гаворыцца ў дакуменце.
У арганізацыі адзначылі, што колькасць забітых журналістаў у гэтым годзе сама нізкая з 2003 года. Яна на 44% меней ў параўнанні з мінулым годам. Гэты паказнік ёсць, перадусім, вынікам змяншэння колькасці загінулых журналістаў у зонах баявых дзеянняў.
„Асвятленне канфліктаў у Сірыі, Йемене і Афганістане было ў два разы менш смяротным для журналістаў – агулам 17 журналістаў забілі ў гэтых трох краінах у параўнанні з 34 у 2018 годзе”, – гаворыцца ў справаздачы.
Пры тым колькасць загінуўшых журналістаў у краінах, дзе няма войнаў, застаецца такой жа, як і ў ранейшыя гады. Так, у Мексіцы ў 2019 годзе забіта 10 журналістаў. „Рэпарцёры бяз межаў” інфармуюць, што ўсяго сёлета ў Лацінскай Амерыцы забіта 14 журналістаў, што азначае: Лацінская Амерыка гэтак жа небяспечная для журналістаў, як і Блізкі Усход, дзе ідуць войны.
Колькасць затрыманых журналістаў сёлета на 12% большая, чым у мінулым годзе. Амаль палова з іх зняволена ўладамі Кітая, Егіпта і Савудаўскай Арабіі.
Беларускае Радыё Рацыя, фота pixabay.com