У 2020 годзе „Макдональдс” з’явіцца ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі
У 2020 годзе рэстараны „Макдональдс” з’явяцца ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, паведамілі TUT.BY ў кампаніі. Інвестыцыі ў будаўніцтва і абсталяванне аднаго аб’екта складуць каля двух мільёнаў даляраў, а з’яўленне рэстаранаў створыць больш за 120 працоўных месцаў у кожным з абласных цэнтраў.
У Гародні „Макдональдс” адкрыецца ў другой палове 2020 года на скрыжаванні вуліц Савецкіх Пагранічнікаў, Транспартнай і Гарнавых.
У Магілёве рэстаран размесціцца ў ГЦ „Армант” (былы „Прэстан”) па адрасе Пушкінскі праспект, 12, і адкрыецца ў першай палове 2020 года.
У абодвух установах – сучасны экалагічны інтэр’ер, інавацыйныя тэхналогіі і рэстараннае абслугоўванне за столікамі, дзіцячая пляцоўка з горкай і гульнявыя планшэты, кругласутачны „МакДрайв” і іншыя магчымасці. У кампаніі адзначаюць, што гэтыя рэстараны будуць найбольш сучаснымі варыянтамі „Макдональдс” у Беларусі.
У Берасці „Макдональдс” з „МакДрайв” з’явіцца ўжо гэтай восенню. Ён будзе размешчаны ў межах: Варшаўская шаша – вуліца 28 ліпеня – вуліца Кастрычніцкай Рэвалюцыі. У кампаніі адкрыццё рэстарана называюць „адным з выдатных падарункаў да тысячагоддзя горада над Бугам”. Дарэчы, каля брэсцкага рэстарана плануецца пабудаваць дзіцячую гульнявую пляцоўку плошчай 1350 квадратных метраў.
Раней паведамлялася аб будаўніцтве „Макдональдса” ў Гомелі побач з аднайменным універмагам у межах вуліцы Хатаевіча і Песіна. Яно павінна пачацца праз некалькі тыдняў і завершыцца ў 2020 годзе.
У кампаніі адзначылі, што ў рэстаранах Берасця, Магілёва, Гародні і Гомеля будуць працаваць электронныя кіёскі для замовы, прадугледжана і рэстараннае абслугоўванне. У кожны з абласных гарадоў разам з „Макдональдс” прыйдзе і „МакДоставка”.
З’яўленне рэстаранаў створыць больш за 120 працоўных месцаў у кожным з абласных цэнтраў. Зарплата супрацоўнікаў пры поўнай занятасці ў рэстаранах у Магілёве, Берасці, Гомелі і Гародні будзе перавышаць сярэднюю ў гэтых гарадах, гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Пакуль рэстараны „Макдональдс” працуюць у Менску і Віцебску. У сталіцы першыя ўстановы гэтай сеткі з’явіліся ў 1996 годзе, цяпер іх тут 15, у Віцебску кампанія працуе з 2014 года.