У 2020-ым універсітэт Гілевіча адчыніць свае дзверы



Прыватны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча пачне паўнавартасную працу ў 2020 годзе. Ініцыятары стварэння гэтага беларускага ўніверсітэта сустрэліся з гарадзенскай публікай у творчай прасторы „Цэнтр гарадскога жыцця”. Алег Трусаў і Павел Церашковіч пазнаёмілі з ідэяй гэтай навучальнай установы, а таксама расказалі пра яго гадавую гісторыю і планы на найбліжэйшы час. Пра інавацыі ўніверсітэта, які не будзе калькай дзяржаўных устаноў, сказаў Павел Церашковіч.

– Гэтыя праграмы, што мы выбіраем, адпавядаюць часу. Па-другое, мы ўзялі за правіла, што ўсе нашы студэнты будуць вывучаць дзве замежныя мовы. І гэта абавязкова. Дарэчы, сёння гэта патрабаванне Сарбонскай дэкларацыі, якая патрабуе ад усіх універсітэтаў Еўропы, што знаходзяцца ў Балонскім працэсе, каб усе студэнты вывучалі дзве замежныя мовы. Другі прынцып – блок дысцыплін «Уводзіны ў прадпрымальніцтва».

Сюды ўвойдуць таксама „Уводзіны ў менеджмент”, „Уводзіны ў маркетынг”, „Уводзіны ў бухгалтарскі ўлік”. Патрэба ў такіх прадметах, на думку Паўла Церашковіча, выклікана звужэннем рынку працы з прычыны развіцця новых тэхналогіяў. І такія ўменні дадуць магчымасць выпускніку ўніверсітэта стварыць сабе месца працы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара