У 60-гадовай жыхаркі Рэчыцы пацвердзіўся каронавірус



У 60-гадовай жыхаркі Рэчыцы пацвердзілася наяўнасць каронавірусу. Жанчына ехала з Віцебска ад сваіх дзяцей. Яе знялі з цягніка і змясцілі ў інфекцыйную лякарню, паведамілі БелаПАН у Гомельскім аблвыканкаме.

Прэс-служба аблвыканкама адзначае, што супрацоўнікі СДЮШАР № 4 Гомеля са станоўчым тэстам на РНК каронавіруса SARS/2019-nCoV знаходзяцца ў здавальняючым стане і працягваюць лячэнне ў медыцынскай установе. Разам з тым не паведамляецца, колькі супрацоўнікаў спартыўнай школы маюць дыягназ «каронавірус». Вядома, што яго наяўнасць пацверджана ў хлопчыка, жыхара вёскі Камунар Буда-Кашалёўскага раёна, які займаўся ў гэтай СДЮШАР.

2 красавіка з Камунара ў Буда-Кашалёўскую раённую лякарню былі дастаўлены 39 чалавек, якія кантактавалі з хлопчыкам, у асноўным дзеці. Па стане на 6 красавіка 29 чалавек выпісалі, 10 застаюцца ў лякарні, у тым ліку сям’я хлопчыка.

Афіцыйна 3 красавіка паведамлялася аб 13 выпадках інфікавання каронавірусам у Гомельскай вобласці. Больш свежай статыстыкі ўлады не давалі. У цэлым па краіне на 6 красавіка зафіксавана 700 выпадкаў заражэння COVID-19. 13 чалавек памерла.

БелаПАН