У АДКБ узгаднілі план аперацыі „Нелегал-2019”



У АДКБ узгоднены план аперацыі „Нелегал-2019”, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

На пасяджэнні міжнароднага штаба рэгіянальнай аперацыі АДКБ „Нелегал”, якое прайшло 31 студзеня ў сакратарыяце арганізацыі, узялі ўдзел намеснік генеральнага сакратара АДКБ Пётр Ціханоўскі, дэлегацыі ўсіх дзяржаў — членаў АДКБ, а таксама назіральнікі ад Антытэрарыстычнага цэнтра СНД, Савета кіраўнікоў падраздзяленняў фінансавай разведкі, каардынацыйнай службы Савета камандуючых пагранічнымі войскамі.

Адзначана, што „правядзенне аперацыі „Нелегал” спрыяла стабілізацыі міграцыйнай сітуацыі на тэрыторыі дзяржаў — членаў АДКБ, спыненню каналаў незаконнай міграцыі і іншых супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з міграцыйнымі працэсамі, а таксама ўмацаванню калектыўнай бяспекі ў цэлым”.

У выніку скаардынаваных дзеянняў кампетэнтных органаў дзяржаў АДКБ падчас аперацыі „Нелегал-2018” выявілі больш за 143 тысячы парушэнняў міграцыйнага заканадаўства, распачата звыш 3,5 тысячы крымінальных спраў за арганізацыю незаконнай міграцыі, паведаміла прэс-служба.

Падчас мерапрыемстваў 2018 года затрымана 443 асобы, якія знаходзіліся ў міжнародным вышуку, выяўлена 399 падазроных фінансавых аперацый, ажыццёўленых замежнымі грамадзянамі, больш як на 2 млн долараў ЗША. Акрамя таго, падчас аперацыі распачата 2.665 крымінальных спраў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, 238 спраў за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы і 30 — за злачынствы экстрэмісцкай і тэрарыстычнай скіраванасці.

Паводле вынікаў пасяджэння было прынятае рашэнне падаць узгоднены план правядзення аперацыі „Нелегал-2019” на подпіс выканаўцу абавязкаў генеральнага сакратара АДКБ Валерыю Семерыкову і старшыні Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў дзяржаў — членаў АДКБ па пытаннях барацьбы з незаконнай міграцыяй першаму намесніку міністра ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі Аляксандру Гаравому.

belapan.by