У адміністратара «Камянецкай паказухі» канфіскавалі тэхніку
Пра гэта паведамляюць як сама Vkontakte-суполка, так і згаданы адміністратар Алесь Анішчук.
«Усё адбывалася ў доме ў вёсцы Доўбізна, дзе я жыву разам з бацькамі. Трое міліцыянтаў і двое панятых прыйшлі да мяне 5 чэрвеня ў 7:00 раніцы», – кажа адміністратар:
– Зачытваюць пастанову пракурора, што будуць рабіць дагляд. Я ее не чытаў, бо быў яшчэ сонны, і адразу нічога не разумеў, што адбываецца. Тэлефоны адразу забралі. Гэта, я разумею, была іх галоўнай мэтай. Забралі два сістэмныя блокі і ноўтбук. Сказалі мне падпісацца ў гэтым пратаколе, я не падпісваўся.
Паводле Алеся, агляд праводзіўся да 8:20, а за некалькі дзён да гэтай падзеі ўжо меліся «трывожная званочкі» ў выглядзе: позвы ў міліцыю на 28 траўня і некалькіх спробаў правесці агляд.
– Мне падаецца, што першая прычына, гэта выбары 2020, трэба было канфіскаваць тэхніку, магчыма атрымаць доступ да суполкі “Камянецкая паказуха”, бо насельніцтва раёна навіны атрымлівае менавіта з яе.
Суполка «Камянецкая паказуха» асвятляе сацыяльна-эканамічныя падзеі Камянеччыны, а таксама грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі. Тэмы: ад спробаў закрыцця апошняй беларускамоўнай сярэдняй школы ў Амелянцы, да збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую і іншыя. Там жа цяпер збіраюць сродкі на новы дэвайс для Алеся Анішчука.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука Алеся Анішчука.