У адносінах Юрася Губарэвіча „свіслацкую справу” закрылі з-за даўнасці тэрміну
Свіслацкі раённы суд два месяцы шукаў апазіцыянера, а ў выніку справу супраць яго закрыў. Намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч быў адным з удзельнікаў традыцыйнага дня памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка мінулага году. У той дзень таксама ўшанавалі памяць памерлага сябра і паплечніка, мясцовага актывіста Віктара Дзясяціка. Пазней 14 удзельнікаў мерапрыемства былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта ўдзел у недазволеным мерапрыемстве. Юрась Губарэвіч кажа, што не атрымліваў позвы на рукі, і каментуе саму сітуацыю:
– Гэта зноў жа праблема нашага правасуддзя. У гэтай сітуацыі я лічу, што яны паступаюць абсалютна незаконна. Звычайная паездка людзей, не абыякавых да беларускай гісторыі, на месцы, звязаныя з гістарычнымі імёнамі, з ускладаннем кветак, яна не можа разглядацца як несанкцыянаваная масавая акцыя. Гэта права кожнага чалавека наведаць тыя мясціны, якія ён лічыць для сябе важнымі.
Адносна Юрася Губарэвіча суд прыняў рашэнне спыніць справу, бо скончыліся тэрміны накладання адміністрацыйнага спагнання. Адзначаецца, што гэтае рашэнне можа быць абскарджана ў Гарадзенскім абласным судзе. Напярэдадні стала вядома, што таксама закрылі падобную справу супраць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, паколькі скончыўся тэрмін яе даўнасці.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя