У адпачынак – у блізкае замежжа
Паводле прагнозаў турыстычных аператараў Прынёмання, у час летніх адпачынкаў найбольшай папулярнасцю сярод жыхароў Гарадзеншчыны будуць карыстацца туры ў Балгарыю, Грэцыю і на ўзбярэжжа польскай Балтыкі. На час курортнага сезона перавозкі пасажыраў з Гародні ў Балгарыю будуць ажыццяўляцца адмысловымі авіярэйсамі. А перспектывы адпачынку ў краінах далёкага замежжа значна менш цікавяць гарадзенцаў, перадусім, у сувязі з істотным пагаршэннем эканамічнай сітуацыі і 30-працэнтнай дэвальвацыяй – зазначае дырэктарка турыстычнай агенцыі “Дон Кіхот” Святлана Якімава:
– Сітуацыя на турыстычным рынку, як і ўвогуле паўсюль, складаная. Значна менш людзей, чым у мінулым годзе, мы назіраем. Але, я думаю, усё роўна людзі паедуць адпачываць, нягледзячы ні на што. Іншая справа, што больш танныя накірункі выбіраюць і больш эканамічныя туры.
Цяпер сярэдні кошт тыднёвага адпачынку ў Балгарыі для адной асобы складе 300 еўра. Не выключана, што кошты на пуцёўкі зменяцца – паводле турыстычных аператараў, усё будзе залежаць ад стабільнасці беларускага рубля і яго курса ў адносінах да іншых валют. Папулярны некалі Крым у бягучым годзе жыхары Гарадзеншчыны, як месца летняга адпачынку, не разглядаюць.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота mandarintur.by