У аэрапортах Беларусі ўзмоцнены санітарна-каранцінны кантроль



У Беларусі ўзмоцненыя прафілактычныя мерапрыемствы ў сувязі з успышкай у Кітаі каранавіруса 2019-nCoV, паведаміла журналістам прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

Міністэрства адсочвае сітуацыю з каранавірусам новага тыпу ў свеце, у прыватнасці прафілактыка захворвання накіраваная на тых, хто ўязджае ў Беларусь з краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Тураператарам рэкамендуецца папярэджваць грамадзян, якія выязджаюць з краіны. Праводзяцца комплексныя мерапрыемствы ў нацыянальным аэрапорце Мінск і рэгіянальных аэрапортах — арганізаваны санітарна-каранцінны кантроль пасажыраў з краін, дзе выяўленае захворванне, у тым ліку з прымяненнем цеплавізійнага абсталявання.

Спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі назіраюць за дынамікай развіцця эпідэмічнай сітуацыі ў свеце і гатовыя да дыягностыкі ўзбуджальніка захворвання паводле метадычнага дапаможніка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Згодна з інфармацыяй Міністэрства аховы здароўя, улады Кітая інфармавалі СААЗ пра ўспышку невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань. У пачатку студзеня кітайскія медыкі ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы — каранавірус 2019-nCoV. Лабараторна пратэставаныя былі ўсе выпадкі захворвання з падазрэннем на новую пнеўманію. У краіне ўдасканальваюцца тэхналогіі, якія дапамогуць больш аператыўна выяўляць новыя выпадкі заражэння. Крыніца інфекцыі пакуль не ўстаноўленая. Вядома, што большасць выяўленых хворых наведалі аптовы рынак прадуктаў мора ва Ухані.

Прыкмет устойлівай перадачы ад чалавека чалавеку пакуль няма, адзначаюць эпідэміёлагі. Па стане на 21 студзеня, агульная колькасць пацверджаных выпадкаў захворвання каранавірусам 2019-nCoV — 222 (у тым ліку ў Кітаі — 218, у Тайландзе — два, у Японіі і Рэспубліцы Карэя — па аднаму). Чацвёра хворых у Кітаі памерлі. Колькасць зарэгістраваных выпадкаў захворвання ва Ухані ўключае 15 работнікаў аховы здароўя. Верагоднасць заражэння падарожнікаў падчас наведвання любых харчовых рынкаў ва Ухані лічыцца ўмеранай, бо крыніца інфекцыі невядомая.

Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёл, свіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць паражэнне дыхальнай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нервовай сістэмы. Вядома, што інфекцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сімптомаў — гарачка, кашаль і абцяжаранае дыханне. Паколькі гэтыя сімптомы падобныя на многія іншыя рэспіраторныя захворванні, неабходны дадатковы скрынінг.

belapan.by

Фота: REUTERS