У аграгарадку Ноўка пад Віцебскам пераблыталі “славутых землякоў”



Грамадскі актывіст Максім Жукаў, які апякуецца сядзібай знакамітага батаніка Уладзіміра Адамава, заўважыў блытаніну на “Алеі славутых землякоў” Віцебскага раёна. Скульптурная выява Уладзіміра Адамава аказалася абсалютна не падобнай да  адзінага вядомага фотаздымка  навукоўцы. Затое яна мае выразнае падабенства з іншым чалавекам, першым дырэктарам віцебскага батанічнага саду Леанідам Нікольскім.

Максім Жукаў звярнуўся ў аблвыканкам і выканкам Віцебскага раёна, каб выправіць недарэчнасць, але чыноўнікі не пагадзіліся:

– Бюст не Адамава, а Нікольскага, і Нікольскі таксама вядомы ў Віцебску чалавек, ён шмат зрабіў для віцебскага батанічнага саду. Дык давайце перанясём бюст у батанічны сад! Аблвыканкам і райвыканкам  адказалі, што лічаць перанос немэтазгодным. Чаму? Таму, што грошы на гэтую алею былі сабраныя на суботніку.

Такі адказ Максім Жукаў лічыць і няўцямным, і нелагічным. На ягоную думку, ушанаванне памяці славутых землякоў мусіць праводзіцца з поўнай адказнасцю за гэтую справу. Ён мяркуе, што ўлады маглі б выдаткаваць сродкі на сапраўдны бюст Уладзіміра Адамава, але тут ёсць праблема: на сённяшні дзень вядомы ўсяго адзіны фотаздымак навукоўцы, і ён не найлепшай якасці. Ушанаваць памяць славутага земляка па-іншаму ўлады адмовіліся таксама.

Летась Максім Жукаў прапаноўваў перайменаваць вуліцу Савецкую ў вёсцы Малыя Лётцы, дзе знаходзіцца сядзіба Адамава, у вуліцу ягонага імя. І таксама ўлады далі адказ пра немэтазгоднасць такое перайменавання.

Беларускае Радыё Рацыя