У Акцябрскім затрыманы блогер Андрэй Павук



У Акцябрскім (Гомельская вобласць) міліцыя затрымала блогера, стваральніка суполкі ў сацыяльных сетках „Рудабельская паказуха” Андрэя Павука. Яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з тэлеканалам „Белсат”.

Зараз блогер знаходзіцца ў міліцыі, у дачыненні да яго склалі пратакол на падставе артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Міліцыянеры запатрабавалі ад блогера здаць асабістыя рэчы, ён адмовіўся і вырашыў ісці дадому. Але супрацоўнікі РАУС сказалі, што ён затрыманы.

„Мне паказалі сюжэт, які выйшаў на тэлеканале „Белсат”. Але ў гэтым відэа я быў галоўным героем — гэта пра мяне здымалі, а не я. Міліцыянер у якасці доказу супрацоўніцтва з тэлеканалам прывёў такі аргумент: на сайце „Белсат” пад сюжэтам ёсць тэг з маім прозвішчам”, — расказаў БелаПАН Павук.

Сёння раніцай ён збіраўся весці стрым у сацсетцы з выязнога пасяджэння чыноўнікаў у вёсцы Буда, на якім павінен прысутнічаць дэпутат Палаты прадстаўнікоў. „Я гэта анансаваў ў сацыяльных сетках. Напэўна, мяне трымаюць у міліцыі, каб я не паспеў у Буду, не перашкаджаў дэпутатам. Таму што акрамя супрацоўніцтва з „Белсатам” мяне хочуць апытаць з нагоды здарэння з маёй дачкой, калі яна пашкодзіла руку. Гэта было год таму”, — дадаў блогер.

Як паведамлялася, 23 ліпеня ў гродзенскіх журналістаў Аляксандра Дзянісава і Аляксея Кайрыса прайшлі вобыскі, падчас якіх у іх канфіскавалі тэхніку: камп’ютары, тэлефоны, відэакамеру і флэш-назапашвальнік. Дзянісаў і Кайрыс супрацоўнічалі з польскім тэлеканалам „Белсат”, які вяшчае на Беларусь. Вобыскі прайшлі ў межах праверкі па двух справах (праца без акрэдытацыі і абраза).

belapan.by