У актывіста “Гародні” міліцыянты хочуць узяць тлумачэнні



Па крымінальным артыкуле гарадзенскія міліцыянты спрабавалі ўзяць тлумачэнні ў сябра прафсаюза РЭП Анатоля Мышкевіча. 

Ён –  адзін з сябраў ініцыятывы „Гародня”  дамагаўся паляпшэння правоў работнікаў аўтобуснага парку № 1 Гародні. Патрэба ў дапамозе вадзіцелям стала відавочнай пасля трагічнага факту, калі шафёр з роспачы скочыў з моста ў Нёман. На думку Анатоля Мышкевіча, адміністрацыя аўтапарку за абарону правоў працоўных спрабавала адпомсціць. Падставай стала тое, што маці аднаго з вадзіцеляў аўтапарку напісала заяву ў міліцыю, у якой вінаваціць Анатоля Мышкевіча ў паклёпе на яе. Маўляў, ён падаў ва ўласнай  публікацыі яе ўзрост памылкова. 

Кажа Анатоль Мышкевіч:

– Тэлефанавалі, сказалі, што мяне трэба ізноў апытаць. Таму што яны гэтую справу вядуць як праверку па крымінальнай справе. Таму што паклёп у інтэрнэце – гэта крымінальны артыкул. На маю думку, гэта спроба аказаць нейкі ціск і крыху папсаваць нервы. На мой погляд, ніякай будучыні ў гэтай справы няма.

Анатоль Мышкевіч адмовіўся даваць паказанні на апытанне па крымінальным артыкуле 188 пункт 2, спаслаўшыся на Канстытуцыю краіны.

Вынікам праўнай падтрымкі кіроўцаў аўтобуснага парку № 1, стала падвышэнне  заробку, паляпшэнне умоў працы. Але, як заўважае грамадскі актывіст, яны не гатовыя былі адстойваць свае правы да канца. Таму меры былі палавіністыя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня