У апанентаў улады няма згоды
Набліжаецца выбарчая кампанія ў Беларусі. Але сярод апанентаў улады няма згоды ў тым, ці патрэбна браць удзел у выбарах, якія ўжо даўно ў народзе маюць назву “дурыбары”. Напрыклад, у Берасці ад партыі БНФ выказала жаданне пазмагацца за дэпутацкі мандат у Палату Прадстаўнікоў толькі Ірына Амельянчук. Інжынер-будаўнік, абаронца правоў людзей, кіраўнік валанцёрскай ініцыятывы абароны жывёлаў.
Жанчына працуе ў рамках кампаніі “Права выбару”. Яна лічыць, што трэба змагацца за тое, каб нас пачулі, нельга заставацца абыякавымі, калі бачыш самавольства чыноўнікаў, кажа Ірына Амельянчук:
– Чалавек я законапаслухмяны. І я заўважыла, што ў нас законы ёсць і яны нядрэнныя, быццам бы для народу, але яны не працуюць. І проста так вось сядзець і нічога не рабіць і прымаць тое, што з намі робяць чыноўнікі… І калі казаць так, што я нічога не дасягну, я ні ў што не веру, я проста буду сядзець, і няхай яно будзе як будзе. Напэўна, гэта ўсё ж не той шлях, бо ўсё ж такі трэба штосьці рабіць.
Ірына спадзяецца, што ў змаганні ёй дапамогуць тыя людзі, каму яна аказвала дапамогу, і аднапартыйцы. Амельянчук упэўнена, што свой выбар людзям трэба навучыцца адстойваць, патрабуючы ўключаць у выбарчыя камісіі, актыўна назіраць пад час выбараў. Інакш немагчыма мірным спосабам выйсці з тупіка, у якім апынулася грамадства.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя