У Астраўцы абмяркуюць стратэгію абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам



Паводле сайта belaes.by 14 студзеня 2019 г. а 14.00 у кінатэатры Астраўца адбудзецца сход па абмеркаванні “Экалагічнага дакладу па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным палівам БелАЭС”.

Каб патрапіць на сход, патрэбна прайсці даволі складаную працэдуру рэгістрацыі ўдзелу. Паведамленні пра ўдзел прымаюцца толькі па электроннай пошце і толькі да 10 студзеня. Пры гэтым арганізатары патрабуюць у паведамленні ўказваць месца працы і пасаду. Відавочна, будзе адсочвацца магчымае наведванне сходу ў працоўны час, бо сход запланаваны ў рабочы дзень. Таму верагодна, што публіку складуць у большасці пенсіянеры, беспрацоўныя і ўладнае чынавенства па разнарадцы.Такім чынам, грамадскі зрэз працоўных фактычна не будзе прадстаўлены на сходзе.

Як паведамляе праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў, ён накіраваў дакладчыкам на гэтым сходзе пытанне. Яно  тычыцца незалежнасці Беларусі ад магчымых капрызаў Расейскай Федэрацыі, бо ядзернае паліва, якое будзе набывацца ў расейскіх арганізацый, пасля адпрацоўкі на БелАЭС падлягае звароту ў Расею для перапрацоўкі. Умовы звароту плануецца вызначыць ў асобнай дамове паміж краінамі. Пытанне гучыць так: што плануецца рабіць з адпрацаваным ядзерным палівам ў выпадку магчымага невыканання Расеяй умоў такой дамовы, то бок адмовы прымаць гэтыя адкіды?

Алесь Дзергачоў мае намер  наведаць гэты сход.

harodniaspring.org