У Астраўцы не дазволілі антыатамны пікет
Антыатамны пікет у Астраўцыне дазваляецца. Гэта вынікае з адказу, які атрымаў Мікалай Уласевіч ад старшыні раённай вертыкалі адносна пікету на тэму “30 гадоў пасля Чарнобылю: Астравецкая АЭС – гэта нам трэба?” Актывіст кажа, што не здзіўлены адмоўным адказам, паколькі ў Астраўцы ўжо цягам шматлікіх гадоў не дазваляюцца мерапрыемствы, якія ладзяць дэмакраты. Тым не менш, ён не пагаджаецца з прычынамі адмовы, пазначанымі ў адказе:
– „Парушаны патрабаванні арт.5 у частцы тэрмінаў падачы заявы, месца правядзення масавага мерапрыемства”. Што тычыцца тэрмінаў, я падаў заяву 11-га красавіка, пікет – на 26-га красавіка. За 15 дзён, у адпаведнасці з законам. Што тычыцца месца правядзення, то гэта, сапраўды, адно з цэнтральных месцаў раёна, але праводзіць пікет на нейкім сабачым выгуле ў лесапаркавай зоне Астраўца прыніжае маю годнасць.
Мікалай Уласевіч у заяўцы прасіў дазволу на пікет 26 красавіка ў Астраўцы на пляцоўцы каля магазіна “Цэнтральны”. Актывіст дадае, што практыка адмоваў у правядзенні пікетаў ці іншых акцый дэмакратычных актывістаў пашырана па ўсёй Беларусі. Фактычна ёсць толькі некалькі вялікіх мерапрыемстваў, якія можна правесці легальна, адно з іх – гэта традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”, які пройдзе ў Менску ўжо ў бліжэйшы аўторак у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота RFE/RL