У Асвенціме агучаны прысуд за перформанс (абноўлена)
Раённы суд польскага горада Асвенцім агучыў прысуд удзельнікам перформансу каля музею Аўшвіц-Біркенаў. На лаве падсудных – 12 удзельнікаў акцыі. Сярод іх – пяцёра грамадзян Беларусі. Двое з іх, якіх прызналі арганізатарамі акцыі, прысуджаныя да зняволення. Адам Бяляцкі асуджаны на 1 год 6 месяцаў пазбаўлення волі. Ён таксама абавязаны выплаціць штраф – 2 тысячы злотых на карысць арганізацыі абароны жывёл. Мікіта Валадзько асуджаны на 1 год 2 месяцы зняволення. Астатнія падсудныя пакараныя штрафамі ў памеры дзесяці тысяч злотых і абмежаваннем свабоды на адзін год.
Летась 24 сакавіка раздзетыя дагала маладыя людзі прыкавалі сябе кайданкамі. Два ўдзельнікі-беларусы зарэзалі ягня. У электронным звароце ўдзельнікі напісалі, што акцыя была антываеннай.
* * *
Нагадаем, 24 сакавіка 2017 года 12 чалавек, сярод якіх 4 беларусы, зладзілі антываенную, па іх словах, акцыю ля брамы былога нацысцкага канцлагера Аўшвіц. У іх ліку Адам Бяляцкі і два тэатральныя рэжысёры Мікіта Валадзько і Зміцер Чарткоў.
Падчас перформансу маладыя людзі павесілі на браму транспарант Love (Каханне), распрануліся дагала, падпалілі дымавыя шашкі, а двое з іх зарэзалі ягня.
Хаду судовага працэсу каментуе фігурант справы Зміцер Чарткоў:
— Працэс не ідэальны. Тое, што адбылося, з розных бакоў вельмі цяжка прагназаваць, бо ва ўсіх: ад нас да выканаўчай улады, то бок суддзі, пракурора, свае вымаганні. Пракурор вымагае публічнага пакарання. На які бок стане суддзя я таксама не ведаю, але хутчэй за ўсё гэтым пасяджэннем усё не скончыцца, бо гэта першая інстанцыя, і усё будзе працягвацца далей.
РР: Максімум, як пішуць розныя СМІ, гэта 2,5 гады зняволення пагражае аднаму з вас.
— 2,5 гады зняволення тычацца толькі аднаго з арганізатараў, які забіў барана. Іншаму арганізатару пагражае 1,5 гады зняволення і пяць гадоў забароны на працу. То бок, каб ён пяць гадоў не працаваў рэжысёрам. Адаму запрасілі пяць гадоў, каб ён не мог быць выкладоўцам, бо ён кінарэжысёр і выкладоўца таксама. І дзесяць гадоў запрасілі, каб яны не мелі магчымасці займацца апекай над жывёламі. А тое, што нам – іншым – інкрымінуюць, гэта непавага да помніка. Гэта зусім іншы артыкул, з якім мы ў большасці сваёй не пагаджаемся, або пагаджаемся, але таксама не разумеем, бо тое, што мы зрабілі, гэта не вандалізм, мы не неанацысты. То бок, ніякіх думак супраць помнікаў у нас не было і поглядаў такіх. Там максімальнае пакаранне да двух гадоў абмежавання волі.
РР: А можа быць і штраф?
— Нават можа быць, што нас прызнаюць невінаватымі, але я ў гэта не веру. У нас не было кепскага намеру. А тое, што мы раздзеліся, дык ведаеце, голае цела як абраза, гэта цяжка зразумець. У гэтым артыкуле шмат інтэрпрэтацый і былі ўжо прыклады, калі падобныя працэсы выйграваліся.
РР: Яшчэ магчымая экстрадыцыя як пакаранне таксама?
— Гэтага ніхто не прасіў. Адзінае, што прасілі, гэта не даваць аднаму з падсудных грамадзянства.
РР: Канкрэтна вы, Зміцер, наколькі я ведаю, таксама маеце дачыненне да тэатра. Вы тэатральны рэжысёр, так? І працуеце ў Нямеччыне і ў Польшчы.
— Так. Працую ў Нямеччыне, і ў Польшчы.
РР: Вось Вы ўжылі такі тэрмін, як «інтэпрэтацыі». Тут сапраўды выходзіць, што ваш перформанс можа быць разлічаны на зусім іншую рэакцыю і яго інтэрпрэтавалі як заўгодна, але зусім не так, як задумвалі самі ўдзельнікі.
— Ведаеце, як задумвалі арганізатары, пасля таго, як адбыўся гэты падман і была забітая жывёла, ужо пасля гэтага, як я бачыў на ўласныя вочы, а ўсё адбывалася літаральна некалькі хвілін, я ведаў, што будзе інтэпрэтацыя менавіта пра жывёлу, а не пра сэнс, які мы хацелі: супраць вайны, супраць пралітае крыві. Гэта зразумела, бо гэта вельмі моцная правакацыя. Я таксама і ў часе пасяджэння і ў размовах з арганізатарамі я не пачуў адэкватнага тлумачэння таго, навошта было забіваць барана. Я гэтага не разумею і не прыму. Барана прынеслі у вялікай валізцы і, калі мы ўжо стаялі раздзетыя і чыталі маніфест, за нашымі плячыма быў забіты баран. Усё адбывалася вельмі хутка, хвіліну-дзве. І той супраціў ахове, кіданне шумавых гранатаў, дым, — мы гэтага не зразумелі, пра гэта не было ніякай размовы. Усе былі шакаваныя і не маглі зразумець, што адбываецца.
РР: Яшчэ кажуць, што гэтае ягня фактычна стала часткай сям’і, што з ім доўгі час жылі ў адным памяшканні ўдзельнікі перформансу. Вас, бадай, сярод іх не было?
— Не. Я ўжо вельмі доўга ведаю Мікіту, мы вучымся ў адной навучальнай установе, працавалі разам, але я ўбачыў барана ўжо перад самай акцыяй. На пытанне, навошта ён там, яны патлумачылі, што Мікіта яго выкарыстае, дзеля таго, каб адцягваць увагу. На ўсе пытанні, ці нешта з ім здарыцца, ён адказваў «не». Я ведаю іншыя ягоныя працы, у тэатры, дзе ён выкарыстоўваў жывёл, якія надавалі сімвалічнае значэнне, але нічога з імі не здаралася.
РР: Ці неяк выходзіла з вамі на сувязь беларуская амбасада.
— Асабіста са мной беларуская амбасада не кантактавала і я не прасіў іх дапамогі. Калі ў мяне пыталі, ці інфармаваць консула, я казаў «не», бо ў мяне свае дачыненні таксама за маю ранейшую дзейнасць у Беларусі і я не прасіў дапамогі ад беларускай дзяржавы.
Зміцер Чарткоў кажа, што большасць удзельнікаў перформансу не ведала пра запланаванае забойства ягня. Адаму Бяляцкаму, як арганізатару акцыі, пагражае 2,5 гады зняволення, Мікіту Валадзько – 2 гады і 2 месяцы. Іншым ўдзельнікам могуць прысудзіць па 32 гадзіны сацыяльнай працы альбо штрафы. Абвяшчэнне прысуду пачнецца а 13-00 па польскім часе.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя