У атачэнні сілавікоў са зброяй прайшла акцыя пратэсту ў Берасці (абноўлена)



Па ўдакладненых дадзеных рэгіянальных прадстаўнікоў ПЦ „Вясна”, у Берасці і вобласці 25 кастрычніка затрымалі не менш за 64 чалавекі. Сярод іх у Берасці – 55 затрыманых.

***

Сотні берасцейцаў у атачэнні сілавікоў прынялі ўдзел у акцыі пратэсту. Сама акцыя і яе мэты супалі з анансаваным у Менску «Народным ультыматумам». Кропкай збору дэманстрантаў традыцыйна ўжо стала вуліца Савецкая, дзе, нягледзячы на затрыманні, гараджанам удалося сфармаваць калону і рушыць шпацырам па вуліцы:

– Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!

Гучалі не толькі лозунгі «Жыве Беларусь!», была і спроба разгарнуць сімволіку. Так, напрыклад, зрабіў ветэран-«афганец» Аляксандр Сахарук, які пры спробе разгарнуць бел-чырвона-белы сцяг быў, затрыманы патрулём міліцыі.

Увогуле, па дадзеных валанцёраў праваабарончага цэнтра «Вясна», гэтымі выходнымі ў горадзе і вобласці лічба затрыманых ідзе на дзясяткі:

– На дадзены момант па Берасці нам вядома больш як пра 30 затрыманых, дзесьці 32. Таксама ёсць паказанні сведкаў, што бачылі затрыманні чалавека. Такіх у нас дзесьці 4-5. Чатыры затрыманні з Жабінкі, чатыры – з Пінска. Пару затрыманняў у Пружанах. У цэлым у спісе ў нас зараз 37 пазіцый па Берасцейскай вобласці. Але большая частка з іх затрыманая ў Берасці. Раней былі адзінкавыя затрыманні, але ў пятніцу прэвентыўна затрымлівалі людзей, высочвалі іх пад домам або прыходзілі на працу, каб закрыць іх на выходныя.

Найбольш жорстка затрымлівалі людзей пры спробе праходу да праспекта Машэрава. Там сілавікі выйшлі насустрач да дэманстрантаў са зброяй у руках. Заўважная яна была ў руках двух сілавікоў. Каля 18-й акцыя скончылася.

Беларускае Радыё Рацыя