У Баброўні ўшанавалі Макара Краўцова
Гарадзенская вёска Баброўня мае цікавую адметнасць, калі сюды прыязжаюць людзі, яны атрымоўваюць зарад энергетыкі, які іх падштурхоўвае да творчай дзейнасці (паэзіі, літаратуры, мастацтва, пошукаў радаводу і іншага). Гэта адзначылі некаторыя сябры ТБМ, паэты і пісьменнікі, журналісты, якія прыехалі ўшанаваць славутых Касцевічаў, аднаму з якіх – Макару Краўцову споўнілася 125 гадоў. Не трэба ні якіх літаратурных курсаў – проста трэба моцна захацець і прыехаць сюды да ракі Котры, каб гэтая багатая на творцаў зямля зарадзіла вас тутэйшай энергетыкай і натхніла на творчыя вяршыні.
Настаўнік і паэт з заможнай сям’і пасля Свіслацкай настаўніцкай семінарыі, удзельнік I Сусветнай вайны, слуцкай абароны, раўнагодак (1891год нараджэння) М. Багдановіча і А. Смоліча, К. Душ-Душэўскага і А. Баліцкага, Я. Варонкі і Я. Станкевіча, удзельнік разам з Я. Карскім Усебеларускага кангрэсу 1917 г. у Менску, нарадзіўся ў вёсцы Баброўня на беразе Котры. Пасля абароны Слуцка жыў з жонкай Ганнай ў Вільні да свайго арышту ў 1939 г. У 30-я гады ў яго роднай вёсцы было 7 настаўнікаў, якія пад кіраўніцтвам ужо былога настаўніка Макара Касцевіча (Краўцова) утварылі гурток мастацкай самадзейнасці і натхнілі на творчы шлях не толькі будучага паэта Міхася Васілька (Касцевіча). Найперш гэта былі браты Макара: Фёдар, Габрыель, Антон, Сямён. Родныя мясціны Макар наведваў з Вільні штогод, дзе яго чакала мясцовая моладзь, ён ім расказваў павучальныя гісторыі і граў на скрыпцы зробленай пляменнікам Платонам Касцевічам. Пазней на ёй граў і Апанас Цыхун, а потым яна перададзена ў музей Максіма Багдановіча. Макар друкаваўся ў шматлікіх беларускіх выданнях, пісаў выдатныя вершы, публіцыстыку, перакладаў, пісаў крытыку. У 1939 ён быў закатаваны ў беластоцкай турме НКВД. За абарону Слуцка і напісаны ім самы вядомы верш « Ваяцкі марш», ён паплаціўся сваім жыццём, а яго выдатны твор выконвалі і ў БССР пасля рэдакцыі другой страфы Міхасём Чаротам. Але, «канвеер смерці» не пашкадаваў і Чарота і стваральніка музыкі да гімна Уладзіміра Тэраўскага. «Ваяцкі гімн (марш)» добра ведалі і спявалі па вечарах моладзь Скідзельшчыны і Гарадзеншчыны і ў Заходняй Беларусі, пра гэта ўспамінаў пляменнік Макара добры гаспадар і майстар скрыпак Платон Касцевіч у 1992г. Нават у 84-гадовым узросце ён мог заспяваць «Ваяцкі марш»…
Ускласці кветкі і ўспомніць добрым словам паэта і грамадзяніна, аднаго з пачынальнікаў беларускай дзяржаўнасці і яе абаронцу Макара Краўцова прыехала Ала Міхайлаўна Чаплюк, якая жыве ў Гарадзенскім раёне, памятае карані свайго роду, продкі якога пераехалі ў Баброўню з Берштаў, выдатна спявае і збіраецца вярнуцца ў Баброўню са сваёй сям’ёй. Яе дачка, калі вучылася ў ліцэі№1 пад кіраўніцтвам Алеся Госцева зрабіла свой радавод (Касцевічаў), а ўжо былы ліцэіст, сёння вядомы гісторык Андрэй Вашкевіч дапамог надрукаваць яе працу ў Польшчы. Магчыма, некалі на радзіме Касцевічаў будзе створаны і невялікі прыватны музейчык. Сябры абласной Рады ТБМ, Скідзельскай гарадской арганізацыі, родныя і госці ўсклалі кветкі каля памятнай шыльды, прагучалі словы ўдзячнасці і пашаны за мужнасць і патрыятызм, асветніцкую і творчую дзейнасць, любоў да Бацькаўшчыны.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя