У Бабруйскім раёне легкавы аўтамабіль сутыкнуўся з пасажырскім цягніком
На станцыі Амяльня паблізу вёскі Амяленская Слабада Бабруйскага раёна легкавы аўтамабіль „Рэно” сутыкнуўся з пасажырскім цягніком № 99 Новааляксееўка — Менск. Ніхто не пацярпеў.
Фото: 112.by
Як паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС, аварыя адбылася 28 жніўня прыблізна 21.30. Аўтамабіль, якім кіраваў 31-гадовы бабруйчанін, перасякаў чыгуначныя шляхі ў непрызначаным для транспартных сродкаў месцы. Ён ехаў па плітах пешаходнага пераходу, які не абсталяваны светлавой, гукавой сігналізацыяй і шлагбаўмам, і павіс, зачапіўшыся дном за рэйкі.
У выніку ДТЗ аўтамабіль і лакаматыў атрымалі механічныя пашкоджанні. У 1.09 29 жніўня лакаматыў быў заменены, і цягнік працягнуў рух па маршруце. Затрымка ў яго руху склала 3 гадзіны 40 хвілін. БелаПАН
