У Бабруйску раздалі спецвыпуск „Народнай Волі”



Бабруйскія актывісты далучыліся да акцыі з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Некалькі соцень экзэпляраў спецвыпуска газеты „Народная Воля”, прысвечанага катастрофе ў Чарнобылі і будаўніцтву Астравецкай АЭС, раздалі мінакам у цэнтры горада.

Кажа грамадскі актывіст Сяржук Лацінскі:

– Правялі штогадовую акцыю, каб нагадаць людзям пра трагедыю 1986 года. Людзі цікавіліся ходам будоўлі Астравецкай АЭС. Пра аварыю памятаюць і не хочуць яе паўтарэння. Але зараз людзі больш глядзяць на эканамічныя складанасці, якія ў іх ёсць. Больш заклапочаныя сваім эканамічным становішчам, чым быдоўляй новай АЭС у Беларусі.

Адзін з удзельнікаў акцыі Эдуард Грынявецкі заўважыў, што людзі сталі больш давяраць незалежным выданням, а тэма наступстваў аварыі закранула маль кожную сям’ю ў краіне:

– Некаторыя нават адказвалі па-беларуску, што вельмі прыемна. Людзі казалі :”Дзякуй!”. І газету шмат хто пазнае. І калі кажаш, што нумар прысвечаны Чарнобылю, то людзі дзеляцца сваімі думкамі, кажуць дрэнна, што будуюць новую станцыю. Шмат людзей пасля аварыі хварэюць і паміраюць.

Ініцыятарам інфармацыйнай акцыі выступіў Праваабаронцы Цэнтар „Вясна” пры падтрымцы экалагічных арганізацый краіны.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск