У Бабруйску стартаваў новы сезон курсаў «Мова Нанова»
Папулярныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова» пачалі новы сезон заняткаў у Бабруйску. Тэму першай сустрэчы: «Вужы ў народнай традыцыі беларусаў» вядоўцы абралі адмыслова напярэдадні свята Уздвіжання. Пасля яго паводле народных уяўленняў «змеі кладуцца спаць».
Кажа вядоўца курсаў Алеся Лацінская:
— Людзі, канешне, назіралі за змеямі. Яны бачылі, што вуж не кусаецца. І таму, вядома, ён добры. Але яму таксама надавалі нейкія магічныя здольнасці. І вось гэты менавіта вужыны цар, які кіруе ўсімі вужамі, ён даволі спрэчная асоба. То бок ён і дае і нешта забірае.
Па словах арганізатараў, чацвёрты навучальны сезон будзе найбольш інфарматыўны, але гэта не азначае, што курсы стануць больш лекцыйнымі, наадварот, будзе з′яўляцца яшчэ больш інтэрактыву, гульняў і цікавостак.
Распавядае вядоўца курсаў Ірына Ласіхіна:
— Мы не чакалі такой колькасці новых студэнтаў. У нас ёсць нейкая сталая аўдыторыя. Сёння я палічыла амаль што 50 чалавек. Для Бабруйска гэта даволі шмат. Вельмі шмат маладых людзей, што сапраўды не можа не ўражваць. Сёння вельмі цёплыя і ўзрушаныя пачуцці.
Курсы „Мова Нанова” ў Бабруйску будуць праходзіць кожную пятніцу у тайм-клубе „1387”.
[Not a valid template]
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя Бабруйск