У Бабруйску судзяць Любоў Санкевіч
У судзе гораду Бабруйску пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы грамадзянскай актывісткі, пенсіянеркі Любові Санкевіч. Міліцыя абвінавачвае яе ў актыўным удзеле ў мітынгу 12 сакавіка ў горадзе Баруйску і 25 сакавіка ў Менску. Але па словах праваабаронцы Тамары Сяргей, прадстаўленыя ў суд доказы віны Санкевіч можна лічыць сфальсіфікаванымі. „Там гаворыцца, што яна выступала на гэтых мерапрыемствах з крытыкай эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне,” – кажа Тамара Сяргей.
– Супрацоўнікі міліцыі сфальсіфікавалі пратакол у адносінах да Любові Санкевіч і суду прадставілі доказы сваёй фальсіфікацыі. Яны прадставілі доказы таго, што Любоў Санкевіч не прымала ніякага ўдзелу ў мітынгу, які, паводле іх слоў, адбыўся ў Менску 25 сакавіка на плошчы Незалежнасці. Таму што яна на плошчы Незалежнасці не была.
І гэта пацвярджаецца прадстаўленым міліцыяй відэазапісам, дзе Любоў Санкевіч не выступае на мітынгу, як гэта спрабавала прадставіць міліцыя, а дае інтэрв’ю. І не на плошчы Незалежнасці, а ў зусім іншым месцы гораду. Тым больш, што 25 сакавіка, як вядома, ніякага мітынгу ў Менску не адбылося. Міліцыя разагнала і затрымала ўдзельнікаў святкавання Дня Волі. Такая ж сітуацыя і адносна мерапрыемства 12 сакавіка. Таксама выступам на мітынгу названа дача інтэрв’ю Санкевіч, – кажа Тамара Сяргей. Рашэнне па гэтай справе будзе абвешчана судом 12 траўня.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя