«Маршы недармаедаў» у Бабруйску, Воршы і Рагачове



12 сакавіка ў гэтых гарадах прайшлі акцыі пратэсту супраць дэкрэта аб «дармаедах».

У Воршы і Бабруйску акцыі пратэсту скончыліся раней, пазней прайшоў марш недармаедаў у Рагачове.

18:00  Людзі ў Рагачове разыходзяцца. Кажуць, што хоць акцыя не мела нейкага відавочнага выніку, кожнае такое мерапрыемства мае сэнс, бо «вада камень точыць».

17: 10  Удзельнік акцыі ў Рагачове расказаў, што ў горадзе пагражалі тым, хто пойдзе на акцыю.

Сказалі: „Калі прыйдзеце, адразу расстрэл”. Таму людзей мала, людзі баяцца. Працуе толькі адзін малочны камбінат, хто мае працу, баяцца згубіць. Таму большасць удзельнікаў — пенсіянеры, якія не згубяць працу. Калі б тут моладзь выйшла, то міліцыя даўно б ужо затрымала іх.

Міліцыя папярэджвае пра тое, што акцыя несанкцыянаваная.

16:55   Людзі ў Рагачове прызнаюцца, што галасавалі за Лукашэнку, але ён іх расчараваў, не выканаў сваіх абяцанняў.

16:45   У Рагачове сабралася чалавек 500-700. Людзі спрачаюцца між сабой, бо погляды на Дэкрэт №3 розняцца.

16:15   У Рагачове ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць Дэкрэта №3 сабраліся ў дзвюх кропках горада — на цэнтральнай плошчы і каля будынка гарадской адміністрацыі.

«Людзі выходзяць на акцыю, таму што незадаволены эканамічным станам. Нашыя сыны павінны ездзіць у Маскву, каб уладкавацца на працу, тут няма работы. Унук плача без бацькі, а той не можа знайсці працу ў сваім горадзе», — кажа адна з удзельніц, якая прыехала ў Рагачоў з Гомеля.

У акцыі бяруць удзел людзі з Рагачова, Жлобіна, Гомеля. Некаторыя кажуць, што немагчыма жыць, грошай не хапае, нават калі працуеш.

15:45  У Бабруйску і Воршы акцыі ўжо скончыліся. У Рагачове акцыя павінна пачацца ў 16:00.

Каля Рагачова ДАІшнікі спынілі аўтамабіль з журналістамі «Белсата». Машыну сфатаграфавалі і сказалі, што яе трэба праверыць «на кантрабанду» і на «факт угону». Журналісты тэлеканала «Белсат» кажуць, што такім чынам ім хочуць перашкодзіць трапіць на акцыю.

У Воршы не далі працаваць карэспандэнту нашага радыё Кастусю Багушэвічу. У горадзе прайшла масавая акцыя пратэсту з удзелам каля тысячы жыхароў. Міліцыянты прышлі да хаты журналіста з вобшукам, шукалі фальшывую валюту.

Допыт скончыўся, я зараз у сваёй кватэры. Але каля пад’езда дзяжурыць машына, таму я пакуль нават не магу пакінуць кватэру. Яны прапаноўвалі праехаць разам з імі ў аддзел, я адмовіўся. Сказаў, што буду даваць паказанні пад пратакол толькі ў сябе дома. Таму допыт трываў доўга, хвілін 30. Дапыталі яшчэ і маю маці.

Па апошняй інфармацыі, у Воршы акцыя ўжо скончана, пасля яе ўсё ж быў затрыманы сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Затрыманы таксама аператар тэлеканала «Белсат» Аляксандр Баразенка і журналістка Кацярына Андрэева, журналіст агенства Белапан Дар’я Гуштын.

14:15  Паўлу Севярынцу ўдалося пазбегнуць затрымання. Менавіта ён узначаліў сёння тысячу пратэстуючых у Воршы.

14:05  Андрэй Дзмітрыеў паведаміў, што ў Воршы затрыманы лідар рэгіянальнай арганізацыі «Гавары праўду!» Ігар Грышанаў. Людзі паціху разыходзяцца. 

13:45   У Бабруйску марш недармаедаў скончыўся, людзі разыходзяцца. Працягваюцца маршы ў Воршы і Берасці. Наперадзе – акцыя пратэсту ў Рагачове.

Пад гарадской адміністрацыяй у Воршы гучыць: „Далоў уладу!”, „Жыве Беларусь!”. Чыноўнікі запрасілі іх зайсці ў залу для перамоў, але людзі адмовіліся.

Разам з пратэстоўцамі ў Воршы – сустраршыня БХД Павел Севярынец.

Севярынец сказаў, што ў лідараў акцыі забралі гукаўзмацняльнікі. На плошчы вельмі гучна ўключаная музыка, таму людзі скардзяцца, што не чуюць прамоваў. Сігнал сотавых аператараў на плошчы надзвычай слабы.

13:25  Ворша зараз. 

 

13:00  У гэтыя хвіліны павінна пачацца акцыя супраць Дэкрэта №3. Пакуль на плошчы малалюдна.

„Баста!”, „Жыве Беларусь!” – гучыць у Бабруйску. Выйшла каля 400 чалавек. Ёсць людзі ў цывільным, але іх небагата.

На бабруйскую акцыю пратэсту прыехаў з Баранавіч Рыгор Грык у паласатай вопратцы турэмнага вязня. Ён сказаў, што людзі ў Беларусі пачуваюцца як вязні. Мужчына сказаў, што такім чынам выказвае салідарнасць з лідаркай прафсаюзу РЭП Галінай Смірновай, якую затрымалі сёння раніцай.

У Бабруйску старшыня РЭП Галіна Смірнова заблакаваная дома.

Большасць плакатаў, якія прынеслі людзі на акцыю пратэсту супраць Дэкрэта №3 у Бабруйску, тычыцца эканамічнага стану: «Праз дэкрэты і налогі хутка ўсе працягнем ногі», «Заплаці падаткі і спі галодным», «Разам – мы сіла», «Дэкрэту – не, рабоце – так».

 

Людзі расказваюць журналістам пра тое, што іх турбуе: маленькія пенсіі, высокая смяротнасць ад анкалогіі, немагчымасць уладкавацца на працу, платныя медыцынскія паслугі, хлусня ў СМІ. Усе згодныя, што «ўладу трэба мяняць».

“Лукашэнка, сыходзь!”, “НЕ – Дэкрэту №3” і „Свабоды!” – галоўныя лозунгі абураных беларусаў у Бабруйску, якія выйшлі на “Марш недармаедаў”.

* * *

Пратэсты ў Беларусі пачаліся 17 лютага, калі ў цэнтры Менска тысячы людзей пратэставалі супраць дэкрэта, які прадугледжваў выплату падатка на «дармаедства». Затым акцыі прайшлі ў Гомелі, Берасці, Віцебску, Бабруйску, Магілёве, Гародні, Маладэчне і Пінску. Людзі патрабуюць не толькі поўнай адмены Дэкрэта №3, але і пратэстуюць супраць пагаршэння эканамічнай сітуацыі, нізкіх заробкаў, адсутнасці працы, падвышэння коштаў камуналкі, патрабуюць годнага жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Алены Вільтоўскай і svaboda.org