У Бабруйску за гадзіну сабралі каля 300 подпісаў супраць вайсковых баз



У Бабруйску актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” правялі збор подпісаў супраць размяшчэння замежных вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. Збор праходзіў у гістарычным цэнтры горада – каля драматычнага тэатра імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За гадзіну збору подпісаў каля сямі актывістаў сабралі прыблізна 300 подпісаў гараджанаў – многія з іх вярталіся з размешчанага побач рынку, распавяла каардынатарка аргкамітэта БХД Таісія Кабанчук. Паводле яе, людзі па-рознаму рэагавалі на прапанову паставіць свой подпіс.

Жанчыны, у якіх мужыкі – пенсіянеры-вайскоўцы, за тое, каб расейская вайсковая база ў Бабруйску была. Яны атрымліваюць добрую пенсію. Таму такім людзям здаецца, што калі будзе расейская база, то мы будзем лепш абароненыя. Для іх вораг адзін – гэта НАТА. У людзей з’явіцца праца, бо трэба ж будзе абслугоўваць усе гэтыя базы. Адна нават пабегла па сваю сяброўку, больш прасунутую ў палітыцы. І пасля пачалі з намі спрачацца, пагражалі выклікаць міліцыю. Казалі, што мы хочам пачаць тут «другую Украіну».

Але ж большасць актыўна падтрымлівала актывістаў і пакідала свае подпісы ў падтрымку таго, каб замежных вайсковых базаў у Беларусі не было, падкрэсліла Таісія Кабанчук.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя